Беларускі Чырвона-Зялёны Крыж выкрадае дзяцей


Міжнародны Чырвоны Крыж адхрышчваецца ад свайго прадстаўніка ў Беларусі і просіць Дзмітрыя Шаўцова спыніцца. А ўсё таму, што генеральны сакратар Беларускага Чырвонага Крыжа са сваёй волі паехаў на акупаваныя тэрыторыі Украіны, дзе выразна стаў на бок агрэсара. Украінскі Чырвоны Крыж увогуле прапаноўвае выключыць нашую краіну з гуманітарнага аб’яднання – за ўдзел у ваенных злачынствах.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

«Мы даведаліся пра гэты візіт з прэсы і просім спыніць падобныя дзеянні».

Так Міжнародная федэрацыя таварыстваў Чырвонага Крыжа і Чырвонага Паўмесяца адрэагавала на паездку Дзмітрыя Шаўцова на акупаваныя тэрыторыі Украіны – у ваеннай форме і з шаўронам «Z».

«Дзеянні генеральнага сакратара Беларускага Чырвонага Крыжа ставяць пад пагрозу давер да нашай працы ў падтрыманні супольнасцяў, якія маюць у гэтым патрэбу, кім бы і з якога боку фронту яны б ні былі. Скрайне важна, каб усе складнікі Міжнароднага руху Чырвонага Крыжа і Чырвонага Паўмесяца захоўвалі сваю незалежнасць ад дзяржаваў і тых, хто мае зброю», – заявіла Міжнародная федэрацыя таварыстваў Чырвонага Крыжа і Чырвонага Паўмесяца.

Справа генсека Беларускага Чырвонага Крыжа пайшла ў Камітэт адпаведнасці і пасярэдніцтва – незалежны орган, які разглядае парушэнні добрасумленнасці чальцоў арганізацыі.

«Дзейнасць Беларускага Чырвонага Крыжа ў сувязі з гэтай тэмай вывазу дзяцей стала занадта таксічнай, таму што ажыццяўляецца злачынства, і кіраўнік Беларускага Чырвонага Крыжа, аддзялення міжнароднай арганізацыі, прызнаецца ў тым, што ён удзельнічае ў гэтым злачынстве», – тлумачыць спікер Каардынацыйнай рады Андрэй Ягораў.

Дзмітрый Шаўцоў у акупаваным Марыупалі асабіста пацвердзіў, што Беларускі Чырвоны Крыж удзельнічае ў вывазе ўкраінскіх дзяцей у Беларусь – нібыта для аздараўлення.

«Я не падзяляю беларускіх дзяцей, украінскіх дзяцей Данбасу. Яны ўсе дзеці, і яны ўсе мусяць атрымаць законна сваё дзяцінства. Ні ў якім разе нельга ніколі яго красці. Вось гэта галоўная місія, якой прытрымліваецца і Беларускі Чырвоны Крыж, і фонд Аляксея Талая, і ўсіх жыхароў Рэспублікі Беларусь», – заявіў прапагандысцкаму агенцтву «Sputnik» генеральны сакратар Беларускага Чырвонага Крыжа Дзмітрый Шаўцоў.

Украінскі Чырвоны Крыж увогуле патрабуе выключыць беларускае аддзяленне з міжнароднай арганізацыі.

«Гэтыя дзеянні пацвярджаюць свядомую пазіцыю Беларускага Чырвонага Крыжа ў падтрыманні палітыкі выкрадання дзяцей і легалізацыі агрэсіі РФ супраць Украіны. Гэта сведчыць не толькі пра наўмыснае ігнараванне арганізацыяй сваіх статутных абавязкаў у межах Міжнароднага руху (Чырвонага Крыжа), але і пра здзяйсненне ёй сур’ёзных парушэнняў міжнароднага гуманітарнага права», – заявіла Таварыства Чырвонага Крыжа Украіны.

Чыноўнікі і дэпутаты Лукашэнкі востра рэагуюць на гэтыя абвінавачанні. Гэтак, намеснік міністра замежных справаў Юрый Амбразевіч адмыслова сустракаўся з функцыянерамі Арганізацыі абʼяднаных нацыяў, каб запэўніць, што ўкраінскіх дзяцей проста вывезлі ў Беларусь на аздараўленне.

Дзеці з акупаваных тэрыторыяў Украіны на чыгуначным вакзале ў Менску. 25 красавіка 2023 года.
Фота: Алексей Талай / vk.com

«Дзеці к нам прыбываюць у адпаведнасці з міжнароднымі патрабаваннямі пры садзейнічанні міжнародных арганізацыяў і фондаў сістэмы ААН, Чырвонага Крыжа і ЮНЭСКО», – так дэпутатка Палаты прадстаўнікоў Аляксандра Лукашэнкі Людміла Макарына-Кібак тлумачыла, што «дыскрэдытацыя Беларусі наконт дэпартацыі дзяцей з Данбасу зрэжысаваная».

На справе гэта злачынства. Паводле Канвенцыі аб перадухіленні генацыду, прынятай 75 гадоў таму, генацыд – гэта дзеянні, скіраваныя на поўнае ці частковае знішчэнне нацыянальнай, этнічнай, расавай ці рэлігійнай групы. У азначэнне генацыду ўваходзіць і гвалтоўная перадача дзяцей з адной чалавечай групы ў іншую. А Украіна не давала дазволу Расеі на перамяшчэнне дзяцей з акупаванай тэрыторыі.

«Яны проста пачалі рабіць у сітуацыі агрэсіі тое, што звычайна робяць. І нават не падумалі пра тое, што гэта саўдзел у злачынстве. Бо ім падавалася: мы заўсёды так і рабілі і зараз будзем так рабіць», – тлумачыць Андрэй Ягораў.

Ёсць і іншая рэакцыя. Кіраўнік Народнага антыкрызіснага ўпраўлення Павел Латушка атрымаў пагрозы забойствам за тое, што займаецца зборам інфармацыі пра вываз украінскіх дзяцей у Беларусь.

«Яны дасылаюць пагрозы. Іх было ўжо больш за дзесяць. Апошняя прыйшла ўчора вечарам – пагроза забойства ў адносінах да мяне. Але дэматываваць мяне не магчыма. З іншага боку, мы разумеем, што фактычна вельмі моцна ўдарылі ў рэжым», – заявіў Павел Латушка ў эфіры «Белсату».

Паводле Латушкі, у Беларусь з акупаванай часткі Украіны ўжо вывезлі да 3-х тысячаў украінскіх дзяцей, і частка з іх потым знікла на тэрыторыі Расеі. У Беларусі маленькіх украінцаў ідэалагічна апрацоўваюць прыхільнікі так званага «рускага свету», якія адмаўляюць у праве на існаванне беларускай і ўкраінскай мовам, і лічаць Беларусь і Украіну часткай Расеі.

Яраслаў Сцешык, «Белсат»