20 чэрвеня адзначаюць Усясветны дзень уцекача


«Надзея ўдалечыні ад дому» – такая тэма сёлетняга ўсясветнага дня ўцекача. Гэта даніна павагі сіле, мужнасці і стойкасці людзей, што мусілі ўцякаць з радзімы, гаворыцца ў заяве ААН. А таксама падтрыманне іх спробаў пачаць новае жыццё ў новым месцы. Паводле розных падлікаў толькі з Беларусі цягам апошніх двух гадоў магло выехаць, ратуючыся ад пераследу рэжыму, да паўмільёна асобаў. Хто такія ўцекачы і ці трэба баяцца гэтага статусу?

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

«Я не планаваў паехаць у Польшчу жыць як мігрант, а проста мне прышлося ўзяць валізку і ўцякаць», – кажа Васіль Хадневіч.

Першы раз яго затрымалі яшчэ ў 2003-м. Актывіст удзельнічаў у кожных паслявыбарчых пратэстах, часам удзел заканчваўся затрыманнем і арыштам. З’ехаць у Польшчу Васіль мусіў у снежні 2020-га. Кажа: сабраўся за два тыдні, бо баяўся за сваю бяспеку.

«Я ведаў, што за мной, можа, не прыйдуць заўтра, можа, не прыйдуць праз тыдзень, але ўсё адно прыйдуць. Я ведаў, што будзе месяц, можа, два, не больш. Але гэтае меркаванне дазволіла сабраць дакументы і выехаць у Польшчу без мітусні», – распавядае Васіль Хадневіч.

Выехаў Васіль з гуманітарнай візай. І спадзяваўся, што сітуацыя ў Беларусі неўзабаве зменіцца:

«З цягам часу станавілася зразумела, што хутка вярнуцца няма магчымасці, і давялося потым пайсці і падаць дакументы, каб неяк далей легалізаваць маё перабыванне ў Польшчы».

Цяпер актывіст мае афіцыйны статус уцекача і дакумент, у якім пазначана, што ён пад міжнароднай аховай.

Паводле ААН, кожную хвіліну два дзясяткі асобаў не па сваёй волі пакідаюць уласнае жытло. А агульная колькасць людзей, якіх вымусілі перамясціцца пераслед, вайна, голад ці іншыя прычыны, можа сягаць 110 мільёнаў. Але не кожны з іх прызнаецца ўцекачом. Паводле міжнароднага права, уцякач – чалавек, што мусіў зʼехаць са сваёй краіны, бо ў ёй мог зрабіцца ці ўжо зрабіўся ахвяраю пераследу.

«Канвенцыя ААН пра статус уцекача 1951 года кажа пра некаторыя крытэры, гэта менавіта пераслед за веравызнанне, палітычныя перакананні, за належнасць да пэўнай сацыяльнай групы або паводле прыкметы грамадзянства», – пералічвае праваабаронца «Human Constanta» Эніра Браніцкая.

Каб атрымаць статус уцекача, трэба звярнуцца да прадстаўнікоў уладаў першай бяспечнай краіны, у якую трапіў той, хто ўцякае ад пагрозы на радзіме, кажа праваабаронца. Дастаткова проста сказаць памежнікам, што вы просіце міжнароднай абароны. Але, каб атрымаць афіцыйны статус, давядзецца нейкі час пачакаць. Да прыкладу, паводле заканадаўства Польшчы, на прыняцце рашэння ўлады маюць шэсць месяцаў, і гэты час можа быць падоўжаны. У гэты час чалавек не мае права працаваць і не можа выязджаць з краіны, якая разглядае ягоную заяву.

Дакументы, якія даюць права на прыбыванне ў Польшчы падчас эпідэміі.
Фота: «Белсат»

«Калі атрымоўвае статус уцекача, ён атрымоўвае амаль усе правы, як грамадзянін той краіны, у якую пераехаў, акрамя палітычных правоў. Таму гэта значыць, што ёсць тыя ж правы [доступу] да рынку працы, адукацыі», – кажа Эніра Браніцкая.

Мае ўцякач і пэўныя абмежаванні, папярэджвае праваабаронца:

«Калі, напрыклад, вы збеглі ад рэжыму, будзем браць беларускі прыклад, ад Лукашэнкі, пакуль ён будзе ва ўладзе, людзі, што атрымалі статус уцекача з палітычных матываў, беларусы, калі яны вернуцца ў краіну свайго грамадзянства, могуць страціць гэты статус уцекача».

Апроч таго, працаваць уцякач мае права толькі ў той краіне, што надала яму статус. І нельга выязджаць з яе на працяглы час.

«З кожных 180 дзён 90 трэба жыць у Польшчы», – кажа Васіль Хадневіч.

Працягваецца дзеянне міжнароднай абароны да таго часу, пакуль у роднай краіне не знікае небяспека для ўцекача.

Ірына Дарафейчук, «Белсат»