Улады ліквідуюць ГА «Беларуская асацыяцыя ахвяраў палітычных рэпрэсіяў»


На адную арганізацыю, што даследуе сталінскія рэпрэсіі ў Беларусі, стала меней. Наталля Пясенка ў Менскім гарадскім судзе пачала разгляд пазову Міністэрства юстыцыі наконт ліквідацыі грамадскага аб’яднання «Беларуская асацыяцыя ахвяраў палітычных рэпрэсіяў». Арганізацыя дзеяла з 1992 года.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

«Яны нават зараз не дзейнічаюць не столькі з-за рэпрэсіяў, колькі з-за таго, што ім ужо цяжка. Вы ж разумееце, што ім ужо па шмат гадоў», – кажа стваральніца віртуальнага музею савецкіх рэпрэсіяў Валерыя Чарнаморцава.

Сябры арганізацыі збіралі дакументы, запісвалі ўспаміны. Паводле рэсурсу «Архівы Беларусі», гэтыя матэрыялы захоўваюцца ў Нацыянальным архіве Беларусі.

«У архіве назапашаныя вялікія зборы і дакументаў, і ўспамінаў ахвяраў палітычных рэпрэсіяў, і зараз, мне падаецца, улады проста дачышчаюць прастору, знішчаюць рэшткі тых арганізацыяў, якія яшчэ засталіся, каб проста знішчыць сувязі людзей паміж сабой», – мяркуе дырэктар Беларускага інстытуту публічнай гісторыі, даследчык сталінскіх рэпрэсіяў Ігар Станкевіч.

На дзяржаўным узроўні тэмы сталінскіх рэпрэсіяў не даследуюць, займаюцца ёю толькі энтузіясты. Пераважная ж большасць дакументаў і сведчанняў таго часу да сённяшняга дня засакрэчаная.

«Шэраг дакументаў знаходзіцца ў архівах КДБ, і вось да гэтых дакументаў доступу няма практычна аніякага. Магчыма, толькі на пачатку 90-х, калі было “акно магчымасцяў”, хтосьці трапляў, хтосьці вывучаў гэтыя дакументы. Зараз нават нашчадкам складана атрымаць дакументы пра сваіх рэпрэсаваных продкаў», – кажа Ігар Станкевіч.

На пачатку лютага Вярхоўны суд прыняў пастанову наконт ліквідацыі падобнай арганізацыі – Беларускага грамадскага аб’яднання ахвяраў палітычных рэпрэсіяў дваццатых-васьмідзясятых гадоў.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Менскі гарадскі суд. Менск, Беларусь. 20 красавіка 2021 года.
Фота: АВ / Белсат

Знішчэнне такіх арганізацыяў адбываецца ў агульным рэчышчы зачысткі грамадзянскай супольнасці. Паводле маніторынгу рэсурсу «Lawtrend», прынамсі тысячу пяцьсот шэсцьдзесят тры грамадскія абʼяднанні, установы, асацыяцыі ці фонды былі зліквідаваныя ў Беларусі з 2020 года.

«Ліквідуюцца арганізацыі, якія ў той ці іншай ступені лічацца нелаяльнымі, ці прасоўваюць нейкую не зусім правільную, з пункту гледжання дзяржавы, палітыку», – кажа доктар палітычных навук, дырэктар інстытуту «Палітычная сфера» Андрэй Казакевіч.

Пры гэтым, паколькі лукашэнкаўскі рэжым спрабуе грунтаваць сваю гісторыю на савецкай спадчыне, сталінскіх рэпрэсіяў сёння стараюцца не асвятляць, хоць і не адмаўляюць цалкам.

«Гэта не акцэнтуецца, не паказваецца, наколькі маштабныя гэта былі зʼявы, наколькі беспадстаўнымі былі палітычна матываваныя забойствы ў савецкі час, масавыя дэпартацыі. Усё гэта проста выціскаецца на глыбокую перыферыю», – кажа Андрэй Казакевіч.

Паводле розных крыніцаў, ад сталінскіх рэпрэсіяў пацярпелі ад шасцісот тысячаў да паўтара мільёнаў беларусаў. Яны былі расстраляныя, сасланыя ў лагеры ці на пасяленне, страцілі працу праз палітычныя абвінавачванні.

«Нават калі людзі вярталіся пасля лагераў пасля высылак, яны мелі праблемы з працай, з працаўладкаваннем, як і зараз, калі людзі палітычныя выходзяць з турмаў», – параўноўвае Валерыя Чарнаморцава.

Сімвал сталінскіх рэпрэсіяў у Беларусі – урочышча Курапаты пад Менскам. Але Лукашэнка афіцыйна ніколі не наведаў гэтага месца памяці. Улады некалькі разоў скарачалі ахоўную зону вакол Курапатаў, вырывалі ўсталяваныя крыжы. На месцы масавых расстрэлаў рэгулярна арудуюць вандалы, знішчаючы ды апаганьваючы памятныя знакі.

Ірына Дарафейчук, «Белсат»