Пашпарты новай Беларусі: ці ўцяклі дадзеныя?


Прапагандыстам Лукашэнкі не дае спакою тэма пашпартоў Новай Беларусі. У эфіры ОНТ Ігар Тур паказаў дакументы, якія нібыта трапілі яму ў рукі з першай надрукаванай партыі. Маўляў, адзін – на выдуманую асобу, другі – на рэальную.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

«У нас ёсць яшчэ адзін пашпарт. А вось ён выдадзены на рэальна існуючага чалавека. Больш за тое, на таго, хто знаходзіцца ў Беларусі. І ён вельмі здзівіцца, калі ўбачыць свой дакумент у эфіры ОНТ. Яшчэ больш здзівяцца і самі пашпартысты, калі ўбачаць, што гэтую іх нібы абароненую і надзейную базу дадзеных мы зноў скралі», – кажа ён у сюжэце.

Словы гучныя, але спроба напалохаць беларусаў – недарэчная. Прапагандысты дапусцілі шэраг праколаў, з якіх відаць, што пашпарт, які мільгае ў кадры, – проста падробка.

«На нашую думку, матэрыял, які быў выпушчаны на прапагандысцкім ТБ – можа быць такая шматхадовая аперацыя па дыскрэдытацыі пашпарту і ўсіх, хто ўдзельнічае ў распрацоўцы: каб пераканаць людзей, што ёсць нейкія базы з асабістымі дадзенымі і яны злітыя рэжыму», – адзначае прадстаўнік «BELPOL» Уладзімір Жыгар.

Не справіліся прапагандысты нават з напісаннем асабовага нумару грамадзяніна. У прадэманстраваным пашпарце ён пачынаецца з лічбы 5 – такі код ставяць у дакументах мужчынаў, якія нарадзіліся ў дваццаць першым стагоддзі. Аднак так званы спадар Коласаў, на якога быццам бы выдадзены дакумент, нарадзіўся ў 1978-м, таму ягоны нумар мусіць пачынацца з лічбы 3.

Падробку ад арыгіналу адрознівае і код краіны. У паказаным пашпарце стаіць скарачэнне BLR, аднак у рэальным альтэрнатыўным дакуменце пазнака будзе іншая – якая менавіта, пакуль не вядома.

Заленаваліся прапагандысты і скапіяваць шрыфты ды спраўдзіць транслітарацыю – імя мужчыны напісанае з памылкаю. Апошняя старонка ў фальшывым пашпарце таксама недарэчная – папяровая, а не полікарбанатная.

Праект пашпарту Аб’яднанага пераходнага кабінету
Праект пашпарту Аб’яднанага пераходнага кабінету.
Выява: Belarus-passport.com

Пра тое, што зліву ўвогуле не магло быць, кажа Валер Кавалеўскі – прадстаўнік Аб‘яднанага пераходнага кабінету ў міжнародных справах:

«Да гэтай гадзіны ніводнай заявы мы не атрымлівалі і не запытвалі гэтых заявак. Таму гэты зліў можна назваць рэальным псеўдазлівам – то бок няма чаму было злівацца. І тут сапраўды спецслужбы Лукашэнкі стварылі гісторыю на пустым месцы».

Ягоныя словы зацвярждае і Уладзімір Жыгар:

«Гэта, насамрэч, балючая кропка для рэжыму. І ўсе дзеянні, якія былі выкананыя ўжо пасля таго, як было абвешчана, што ствараецца пашпарт Новай Беларусі, – усё звязана з гэтым».

Пра стварэнне пашпарту Новай Беларусі загаварылі яшчэ ў 2020 годзе. А праз тры гады пытанне з дакументамі для беларусаў стала асабліва вострым. Тады Лукашэнка падпісаў указ, згодна з якім атрымаць пашпарт наўзамен страчанага або скончанага нашыя суграмадзяне змогуць толькі на радзіме. Многім за такую паездку давялося б заплаціць свабодаю.

«Калі мы рэалізуем гэты праект, то мы забіраем частку суб‘ектнасці ў Лукашэнкі ў вельмі сур‘ёзным месцы. Калі гэтае прызнанне адбудзецца, а яно абавязкова адбудзецца, то фактычна беларускія дэмакратычныя сілы набываюць гэтую суб‘ектнасць і паказваюць, што мы здольныя вырашаць самыя сур‘ёзныя праблемы», – адзначае Кавалеўскі.

Гаворкі пра хуткае з‘яўленне альтэрнатыўных пашпартоў яшчэ не ідзе. Дэмакратычным сілам трэба ўладкаваць дзве важныя задачы: атрымаць міжнароднае прызнанне дакументу і наладзіць вытворчасць у адпаведнасці з прынятымі сусветнымі стандартамі якасці і бяспекі. Прадстаўнікі Аб’яднанага пераходнага кабінету, якія займаюцца распрацоўваннем пашпартоў, просяць сачыць за хадою праекту на афіцыйных крыніцах і не верыць правакацыям у інтэрнэце.

Кацярына Гардзеева, «Белсат»