Палітвязень Ігар Леднік памёр у няволі


На 64-м годзе жыцця памёр палітвязень Ігар Леднік – палітолаг, журналіст, грамадскі дзеяч. Памёр у турме, а быў бы на волі – мог жыць. Менавіта за кратамі пагоршыўся стан здароўя спадара Ігара. Дайшло да спынення сэрца. Рэанімаванне лекарам не ўдалося – паводле афіцыйнай версіі. Глыбокія спачуванні блізкім.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

Чарговая смерць за кратамі незаконна асуджанага. Праз год і 10 месяцаў у няволі ў Бабруйскай калоніі №2 памёр палітвязень і грамадскі актывіст Ігар Леднік. Былы палітвязень Аляксей Галоўкін перасякаўся са спадаром Іграм у турэмным шпіталі, піша «Новы час»:

«Турэмнікі ўвесь час здзекаваліся з хворага Ледніка, не дазвалялі яму прымаць душ і атаварвацца ў турэмнай краме. Ён казаў, што ягоны стан здароўя ўвесь час пагаршаецца, і калі яму не акажуць кваліфікаваную, своечасовую медычную дапамогу, да вызвалення ён папросту фізічна не дацягне», – распавядае Аляксей Галоўкін.

Хвілінаю маўчання ўшанавалі памяць палітвязня ўдзельнікі сённяшняй віленскай канферэнцыі «Пакаранне ў зняволенні: інструмент выпраўлення ці знявагі?»

Заснавальнік установы «Лекары за праўду і справядлівасць», колішні начальнік медычнай службы Дэпартаменту выканання пакаранняў МУС Васіль Завадскі ведаў Ігара Ледніка асабіста – разам былі актывістамі прафсаюзу РЭП.

«Ведаю, што Ігар пакутаваў на хваробу сэрца, меў інваліднасць з гэтай нагоды. І, канешне. гэта дадатковы фактар рызыкі. Складана казаць сёння па гарачых слядах, у чым прычына смерці, але хутчэй за ўсё гэта звязана», – лічыць Васіль Завадскі.

Ігар Леднік трапіў за краты 12 красавіка 2022 года. Прысуд – тры гады агульнага рэжыму (а ў выніку – смяротны прысуд) вынесла суддзя Таццяна Шоцік. За нібыта паклёп на Лукашэнку. За кратамі 63-гадовы Ігар Леднік перанёс аперацыю пад агульным наркозам.

У адным з інтэрв’ю «Белсату» спадар Ігар перад пачаткам працэсу над бізнесоўцам Аляксандрам Кныровічам выказваўся ў абарону фігуранта гэтай справы Ігара Максімава:

«Мяне, канешне, здзівіла, што Ігара Максімава (ён хворы чалавек)… І навошта яго трымаць у вязніцы? Трэба было задаволіць ягоную просьбу і выпусціць з-пад варты».

Хто ведаў, што праз некалькі гадоў сістэма гэтаксама спрацуе супраць яго самога?

«Калі людзі абʼектыўна цяжка хворыя – ёсць механізмы і вызвалення іх праз стан здароўя, і паміраць чалавек павінен годна», – настойвае Васіль Завадскі.

На справе ж дзее цэнтралізаваны загад: здзекавацца з праціўнікаў Лукашэнкі. Ігар Леднік – ужо пятая ахвяра за кратамі пасля выбараў 20-га года. З восьмага на дзявятага студзеня не стала палітвязня Вадзіма Храсько, якому ў зняволенні нясвоечасова аказалі медычную дапамогу. У ліпені 23-га года памёр мастак Алесь Пушкін. Двума месяцамі раней – блогер з Пінску – Мікалай Клімовіч.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Daniel Abbatt / pexels.com

А ў траўні 2021-га года грамадзянская супольнасць развіталася з актывістам Вітольдам Ашуркам. Тады следчы камітэт паказальна выклаў у сеціва відэа моманту смерці Спадара Вітольда. Яго таксама катавалі.

Агулам усе палітычныя прайшлі праз камеры адзіночнага тыпу. За што – распавядае былы палітвязень Леанід Судаленка:

«Напрыклад, ты не зашпілены, не паголены, ці няправільна павітаўся, ці, напрыклад, кантралёру не спадабаўся твой даклад і таму падобныя дробязі. Гэта адбываецца менавіта ў дачыненні да палітычных».

Напрыклад, ты не зашпілены, не паголены, ці няправільна павітаўся, ці, напрыклад, кантралёру не спадабаўся твой даклад і таму падобныя дробязі. Гэта адбываецца менавіта ў дачыненні да палітычных.

ШЫЗА – гэта адсутнасць перадач, магчымасці карыстацца сваімі рэчамі, вільготнае (цвілое) паветра, холад і нары без матрацу.

«Трэба рабіць нейкія фізічныя практыкаванні, каб сагрэцца і зноў на гадзіну заснуць. У такіх умовах знаходзяцца палітвязні ў ШЫЗА», – узгадвае спадар Леанід.

Сярод палітычных ёсць асобы, якія праводзяць большую частку тэрміну ў турэмнай ізаляцыі. Вядомы абаронца Курапатаў Зміцер Дашкевіч прабыў у Жодзіна паўгода ў карцары: ад ліпеня і да студзеня. Лідар партыі Народная Грамада Мікола Статкевіч. Сёння яму ў чарговы раз не перадалі рэчавую перадачу і медычную бандэроль. Паліна ШарэндаПанасюк, якую 32 разы змяшчалі ў ШЫЗА і карцар. Рыгор Кастусёў, якога змяшчалі ў памяшканне камернага тыпу, хоць ён пакутуе на анкалогію.

«Тым, хто здзейсніў насамрэч крымінальнае злачынства, насамрэч прасцей сядзець. Яны кажуць: я зрабіў і за гэта адкажу. А я шукаў адказу на пытанне: што я тут раблю?», – кажа Судаленка.

1615 асобаў сёння прачынаюцца і засынаюць з пытаннем «што я тут раблю?» Гэта звесткі праваабарончай ініцыятывы «Dissidentby.com», што да колькасці палітычных вязняў на гэты дзень.

Юлія Цяльпук, «Белсат»