Якія наступствы апошніх прыродных катаклізмаў налічылі ў свеце?


Моцны землятрус на паўночным захадзе Кітаю. Ахвярамі якога сталіся больш за сотню чалавек. Яшчэ каля чатырохсот атрымалі раненні. Падземныя штуршкі магнітудаю каля 6 балаў і на глыбіні 10 кіламетраў адбыліся ўначы ў правінцыі Гань-Су. Сейсмічную актыўнасць адчувалі і ў суседняй правінцыі Цінхай. У зоне бедства разбураныя амаль пяць тысяч будынкаў, пашкоджаныя электралініі і сістэма водазабеспячэння.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

У пацярпелыя раёны скіравалі некалькі тысяч пажарнікаў і ратаўнікоў. Ім дапамагаюць вайскоўцы і паліцыя. Але пошукі ўскладняюцца надвор’ем: у заходніх рэгіёнах ужо амаль тыдзень тэмпература трымаецца ніжэй за нуль.

«Надалей мы цалкам мабілізуем медычныя рэсурсы па ўсёй правінцыі і зоймемся лячэннем, псіхалагічным кансультаваннем, прафілактыкай эпідэміяў, праверым якасць вады, а таксама будзем распаўсюджваць інфармацыю і праводзіць інструктажы», – заявіў намеснік дырэктара Камісіі ў справе аховы здароўя правінцыі Гань-Су Бай Ю Пін.

Міністэрства фінансаў і Міністэрства надзвычайных сітуацыяў краіны ўжо вылучылі 200 мільёнаў юаняў для дапамогі пацярпелым у правінцыях Гань-Су і Цінхай.

У Ісландыі прачнуўся вулкан. Вывяржэнне на паўвостраве Рэйкʼянэс, што на паўднёвым захадзе краіны, пачалося пасля чаргі землятрусаў. Плынь лавы цячэ праз шчыліну даўжынёю каля трох кіламетраў. Паводле Метэаралагічнага бюро краіны, за секунду – да двухсот тысяч літраў.

«Лава цячэ на поўнач, да абаронных пабудоваў, якія былі там усталяваныя. Так што становішча, у якім цяпер гэтае вывяржэнне, здаецца, цалкам на нашую карысць. Але вывяржэнне буйное, і плынь лавы можа мяняцца вельмі хутка», – распавёў кіраўнік Агенцтва грамадзянскай абароны Відыр Рэйнісан.

Вывяржэнне вулкану Фаградальсф'яль
Вывяржэнне вулкану Фаградальсф’яль.
Фота: Anthony Quintano / Wikimedia

Яшчэ ў лістападзе праз рызыку вывяржэння мясцовыя ўлады эвакуявалі з партовага гораду Грындавіку, што за некалькі кіламетраў ад эпіцэнтру, амаль чатыры тысячы жыхароў.

«Кіраўнік паліцыі сказаў: калі з мінулага тыдня змены будуць нязначнымі, то я не бачу прычынаў забараняць людзям вяртацца дадому. Так што мы падумалі: ух ты, можа, мы зможам сустрэць Каляды і Новы год удома», – кажа эвакуяваны жыхар Грындавіку Ганс Вэра.

Гэтае вывяржэнне вулкану на на Рэйкʼянэсе – ужо чацвёртае за апошнія тры гады.

Стыхія ва ўсходняй частцы Аўстраліі. На поўначы, у штаце Кўінзлэнд папярэдне ацэньваюць памер шкоды ад паводкі, якую прынёс трапічны цыклон Джаспэр.

«Мы працуем з мясцовымі групамі для ліквідацыі наступстваў стыхійных бедстваў, каб забяспечыць папаўненне запасаў харчоў, прадметаў першай неабходнасці і вады, а таксама дастаўку бутэляванай вады, дзе гэта неабходна і мэтазгодна», – адзначыў прэмʼер-міністр штату Кўінзлэнд Стывэн Майлз.

А вось на поўдні Аўстраліі – пажары. Гараць лясы ў раёне гораду Піліга. Агонь ахапіў плошчу больш за 130 тысяч гектараў, а дым распаўсюдзіўся на сотні кіламетраў на поўдзень, дасягнуўшы Сіднэю.

Пасля некалькіх дзён моцных дажджоў у індыйскім штаце Таміль-Наду затапіла дарогі ды часткова пайшлі пад ваду пабудовы. У метэаралагічнай службе Індыі папярэджваюць, што ападкі бліжэйшым часам захаваюцца.

Ірына Юрʼева, «Белсат»