Улады знішчаюць рэшткі прыватнай адукацыі


Тры мільёны рублёў мусяць выплаціць дзве прыватныя ўстановы адукацыі ў бюджэт краіны. Нібыта яны злоўжывалі падатковымі льготамі. Прыватныя гэта школы, або рэпетыцыйныя цэнтры – невядома, іх назваў не паведамляюць.

«Заснавальнікам адукацыйнай установы можа быць або прыватная асоба, або нейкая інстытуцыя. Мне цяжка гаварыць, што інкрымінуюць гэтым людзям. Я не буду здзіўлены, што, маўляў, не хочаце зачыняцца, не хочаце слухацца – вось вам, калі ласка, заплаціце», – ананімна каментуе нам абвінавачванне сузаснавальнік адной з прыватных школаў.

Раней ва ўхіленні ад падаткаў абвінавацілі рэпетыцыйны цэнтр «100 балаў» і камп’ютарную акадэмію «ШАГ». Пакуль яны працягваюць сваю дзейнасць.

Яўген Лівянт – суўладальнік цэнтру «100 балаў». Сёння пачаўся суд над выкладчыкам і над ягонай сямʼёю: жонкай, дзвюма дачкамі і зяцем. Іх вінавацяць ва ўдзеле ў пратэстах.

«Усё пачалося са змены міністра. Можа быць, гэта здагадкі. Але мне так падаецца: змяніўся міністр, новы міністр, малады, актыўны. Які не прымае ніякую крытыку. Яўген Барысавіч вельмі часта крытыкаваў – і крытыкаваў па справе», – лічыць рэпетытарка і былая настаўніца Ганна Саламонава.

Прапагандыстка Людміла Гладкая ў сваім тэлеграм-канале паведамляе, што Яўген Лівянт цалкам прызнаў віну, і злараднічае з гэтае нагоды:

«Людзі кажуць і практыка паказвае: методыка Лівянтаў – г**но. Поўнае. Паводле заходняга ўзору акурат і робіць з карыстальнікаў такіх адукацыйных паслуг людзей, вадзімых толькі ў адным, вузкім кірунку».

«Не дапусціць дзяржава свабоднага плавання ўстановаў, у якіх выхоўваюцца дзеці. Трэба, каб усё было пад кантролем. Магчыма, будуць цяпер казаць пра тое, што гэта спансуецца заходнімі краінамі. Бо калі толькі зачынілі прыватныя школы, не было такой хвалі антызаходніх настрояў. Цяпер гэта зʼявілася», – упэўнена Ганна Саламонава.

Яшчэ ў сярэдзіне леташняга верасня Лукашэнка даручыў дзяржсакратару Савету бяспекі Аляксандру Вальфовічу заняцца прыватнымі ўстановамі адукацыі: «Трэба зачысціць усё да немагчымасці ў сістэме адукацыі. Навошта мы здзекваемся над гэтымі дзецьмі?».

Калі казаць менавіта пра прыватныя школы – цяпер з колішніх трыццаці пяці іх засталося ўсяго тры.

«Заўважна, што сістэма адукацыі Рэспублікі Беларусь цяпер калі не ў стагнацыі, дык у вельмі цяжкім стане. Гэта відавочна на ўсіх узроўнях: ад недахопу настаўнікаў да таго, што проста нецікава дзецям вучыцца. Менавіта таму і быў такі адплыў навучэнцаў у прыватныя школы», – кажа сузаснавальнік адной з прыватных школаў.

Магчыма, улады ўсё ж робяць працу над памылкамі. Пазаўчора Міністэрства адукацыі абвясціла пра так званае Нацыянальнае даследаванне якасці адукацыі, каб, маўляў, палепшыць сістэму сярэдняй адукацыі. Але эксперт мяркуе, што гэта хутчэй імітацыя дзеяння і дадатковы кантроль, чымся рэальнае жаданне нешта змяніць.

Яна Шэк, «Белсат»