«Financial Times»: Еўразвяз павысіць экспартнае мыта на зерне з Беларусі і Расеі


Удар па збожжы і алейных культурах з Беларусі ды Расеі. Еўракамісія рыхтуе высокае экспартнае мыта. Гэта змаганне за ўласнага фермера. А той выступае супраць увозу пшаніцы з Украіны. Ці ўдар па беларускім і расейскім зерні дапаможа? Вялікае пытанне. Але дакладна будзе адчувальны для Менску і Масквы.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

Расейскае і беларускае збожжа можа страціць канкурэнтаздольнасць на рынку Еўразвязу. Згодна з крыніцамі выдання «Financial Times» Еўракамісія ўсё ж уздыме экспартнае мыта на расейскую пшаніцу – да € 95.

«Гэта прывядзе да росту коштаў прынамсі на 50 % і рэзка скароціць попыт. Таксама плануецца ўсталяваць 50-адсоткавыя мыты на насенне алейных культур і прадукты іх перапрацоўвання».

З такімі коштамі будзе складана ўтрымацца на рынку. А яшчэ летась Масква выручыла € 2,2 млрд з продажу збожжа, што ўдвая больш, чымся ў 2022 годзе, калі Пуцін развязаў поўнамаштабную вайну. Тады Расея заявіла пра небывалы ўраджай і пачала нарошчваць продажы. І тады ж спадарожнікавыя камеры фіксавалі сістэматычнае абкраданне расейскімі нападнікамі ўкраінскіх фермерскіх гаспадарак.

«Гэта пытанне ахайнасці, таму што мы бачылі абмежаванні для ўкраінскай аграпрадукцыі да поўнамаштабнай вайны і пад час яе», – кажа аналітык Цэнтру даследаванняў харчавання і землекарыстання Кіеўскай школы эканомікі Павел Мартышаў.

Беларусь таксама падвоіла прыбыткі ў валюце ад продажу збожжа. Напрыклад, на польскім рынку зарабіла летась € 229 тысяч. Супраць €132 тысячы ў 2022 годзе.

«Беларускія пастаўкі ў ЕЗ – нязначныя. Тым не менш, ёсць рынак Беларусі і Еўразвязу. Гэта, напрыклад, рапс, а дакладней – прадукты яго перапрацоўкі: рапсавы алей і рапсавая макуха. Беларусь экспартуе больш чым 270 тысяч тон рапсавага алею штогод», – кажа намеснік кіраўніка Народнага антыкрызіснага ўпраўлення Арцём Брухан.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: pixabay.com

У 2021 годзе, калі Белстат яшчэ публікаваў статыстыку, Беларусь зарабіла $ 420,2 мільёнаў на экспарце рапсавага алею. Больш чым на пастаўках за мяжу драўнянастружкавых пліт ($ 413,1 млн.), ці пластмасавай тары ($ 318,5 млн.) Найбольш набывалі краіны Еўразвязу: Літва – на амаль $ 36 млн. За ёй Латвія і Данія. Ніжэй у дзясятцы пакупнікоў таксама Нідэрланды, Эстонія, Нямеччына. Што зменіцца на рынку, калі Еўракамісія ўвядзе абмежаванні?

«Насамрэч гэта мала паўплывае на рынак. Гэта кансэнсус шматлікіх трэйдараў, аналітыкаў, многіх эканамістаў. Справа ў тым, што экспарт расейскай аграпрадукцыі – гэта невялікія аб’ёмы – ад сілы 2-3 % усяго імпарту ЕЗ», – кажа Павел Мартышаў.

Частковае ці поўнае спыненне гандлю з Менскам і Масквой ініцыявалі Чэхія, Польшча і краіны Балтыі. Гэта адбывалася на фоне пратэстаў фермераў, якія патрабавалі спыніць плынь у Еўразвяз зерня перадусім з Украіны. Кіеў пастаўляе ў Еўразвяз у дзесяць разоў больш зерня, чым транспартуюць Расея і Беларусь. Еўрадэпутат з Літвы Пятрас Аўштравічус кажа:

«Украіна некалі стане чальцом Еўразвязу, таму да ейнага збожжа на рынку трэба прызвычайвацца. Лепш кампенсаваць закрыццём каналаў пападання беларускага і расейскага зерня на еўрапейскі рынак. Я гэта бачу як пэўную кампенсацыю росту экспарту з Украіны ў Еўразвяз».

Краінам Еўразвязу хапае сваіх збожжавых і алейных культур. Тым не менш застаецца ніша для імпарту. Лідаруе Украіна з цаною на збожжа на 40 % ніжэйшай за сярэднюю на глабальным рынку. Фермеры краінаў усходняй Еўропы, што не набываюць збожжа, бʼюць у званы – яно трапляе на рынак і стварае непасільную канкурэнцыю.

Польскія фермеры не вераць, што санкцыі супраць Расеі і Беларусі кампенсуюць страты. На заўтра запланаваныя пратэсты з блакаваннем сотні ўчасткаў транзітных дарог.

Юлія Цяльпук, «Белсат»