Як беларускія чыноўнікі хлусілі пра ковід


Ініцыятыва «Кіберпартызаны» перадала «Белсату» базу званкоў медычных чыноўнікаў з красавіка да чэрвеня 2021-га. Гэта канец другой хвалі эпідэміі ковіду. Як вынікае з размоваў, беларуская медыцына з пандэміяй не спраўлялася. Публічна ж гучалі словы «усё пад кантролем». 

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

Лукашэнка неаднаразова адмаўляў небяспеку, якую несла эпідэмія каронавіруса. Да таго ж запэўніваў, што прышчэпіцца толькі беларускаю вакцынаю. Прышчапіўся ж расейскаю двухкампанентавай – адразу як тая з’явілася. І замаўлялі яе спецыяльна для «першага». Гэтак, чыноўніца з галоўнага ўпраўлення Міністэрства аховы здароўя па Менскай вобласці Наталля Баярская тэлефанавала галоўнаму доктару Менскай абласной дзіцячай больніцы Дзмітрыю Зайцаву і распавяла, што знайшла пяць дозаў і іх прывязуць у больніцу:

«Гэта будзе для “першага” і для яго сям’і».

Прыкладна ў гэты ж час у менскім гандлёвым цэнтры «Экспабел», дзе вакцынавалі ад ковіду, людзі стаялі ў вялізных чэргах. Бо былі перабоі з дастаўкаю. А калі тут вакцына скончылася, людзям казалі, што яна ёсць у медычных установах гораду.

У прыватнасці той жа самай Наталлі Баярскай у размове галоўны доктар Менскай цэнтральнай раённай клінічнай больніцы Гарык Барсамян паведаміў, што ў цэнтры вакцынацыі пакінуць чалавека, які будзе «расказваць казкі, што менскія паліклінікі атрымалі вакцыну, што ў паліклініках чаргі няма, ідзіце туды».

На ўдакладненне, ці казаць пра тое, што партыя вакцыны скончылася, ён атрымаў адказ: «ні ў якім разе».

Як вынікае з размоваў, хавалі медычныя чыноўнікі і рэальныя маштабы эпідэміі, і статыстыку смяротнасці ад ковіду. Гэтак, намеснік міністра аховы здароўя Беларусі Алена Богдан раіла сваім падначаленым казаць агульнымі фразамі, што каранавірусная інфекцыя ўнесла ў статыстыку свае карэктывы.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Viacheslav Lopatin / Shutterstock.com

Як прычыны смерці дактары пісалі «пнеўманія», «хваробы сістэмы кровазвароту» ды іншае. Але, паводле Белстату, сярэднегадавая колькасць смерцяў у Беларусі ў 2020-ым вырасла да амаль 48-мі тысячаў чалавек. У параўнанні з васямнаццатым і дзевятнаццатым гадамі, калі смяротнасць была ўтрая меншаю.

Андрэй Ткачоў, заснавальнік валанцёрскай ініцыятывы «BYCOVID-19», на свае вочы бачыў, што насамрэч адбывалася ў шпіталях падчас пандэміі. Гэтак, койкі стаялі ў калідорах, у лекараў не было сродкаў індывідуальнай абароны. Вялізная колькасць захварэлых, чэргі з машын хуткай дапамогі, якія стаялі ў прыёмнае аддзяленне.

«Лекары былі фактычна кінутыя на амбразуру барацьбы з ковідам без сродкаў індывідуальнай абароны, без пратаколаў лячэння, без лекаў», – кажа Андрэй Ткачоў.

Але на прапагандысцкіх экранах сітуацыя выглядала па-іншаму. І месцаў у шпіталях хапала, і з медычным забеспячэннем праблемаў не было.

Насамрэч медычную дапамогу своечасова надавалі, але выбраным асобам. Як прыклад – размова Наталлі Баярскай з намеснікам галоўнага доктара Менскага абласнога цэнтру гігіены Вячаславам Калячкам:

– Вячаслаў Васільевіч, трэба ўсё-ткі вырашыць пытанне. Раніцай узяць тэст і да абеду атрымаць вынік.

– Мы не зможам гэтага зрабіць, Наталля Іларыёнаўна.

– Вы ўжо рабілі! Вельмі патрэбна. Для нашай Юліі Вячаславаўны.

Як вынікае з іншых апублікаваных запісаў, для чыноўнікаў падчас пандэміі заўсёды знаходзіліся месцы і ў шпіталі, і на прыём да любога доктара.

Ігар Сінякевіч, Юлія Цяльпук, Дамініка Кунцэвіч, «Белсат»