Музей-сядзіба Васіля Быкава адзначае 20 гадоў


Ён кажа пра маральны выбар чалавека ў пераломныя моманты жыцця. Смеласць, адвага, пагарда да смерці – гэта для Васіля Быкава якасці сапраўднага ваяра. А пакуты робяць чалавека чалавекам. Стагоддзе з дня народзінаў і 20-цігоддзе заснавання музею пісьменніка. 2024-ты знакавы для памяці Васіля Быкава. Як стваралі музей народнага пісьменніка і чаму ягоныя творы ўсцяж актуальныя?

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

Сёлета – 100 гадоў з дня народзінаў Васіля Быкава. А сёння – два дзесяцігоддзі, як у вёсцы Бычкі Ушацкага раёну заснавалі музей-сядзібу пісьменніка. Адказваў за гэта мясцовы райвыканкам. Будынак, у якім вырас Быкаў, прыйшоў у заняпад, і чыноўнікі загадалі знесці хату, каб на яе месцы паставіць навабуд.

«Галоўнае, што тут адбылося, – не хапіла культуры. Ведаеце, бываюць такія сітуацыі, калі цалкам захаваць памятнае месца не ўдаецца, але захоўваюцца хаця б часткі. Бервяно, парог, вокны. Нейкі элемент самой хаты. Гэта можна было зрабіць. На жаль, гэтага нічога не зроблена», – зазначае пісьменнік, журналіст Аляксандр Лукашук.

Месцы, звязаныя з пісьменнікам, як і ягоная асоба, і цяпер цікавяць беларусаў, сведчыць экскурсавод Юрый Куўшынаў:

«Быкаў сваёй незвычайнасцю і сваёй такой прабіўной шчырасцю. Часам камусьці гэта падабалася, камусьці – не. Ён захапляе і ўражвае. Мне здаецца, што ён дагэтуль адзін з самых шанаваных, калі не самы шанаваны пісьменнік».

У Беларусі толькі адзін помнік Быкаву – на Вушаччыне. У Менску дасюль няма вуліцы ў гонар пісьменніка. Спадар Васіль быў прыхільнікам незалежнасці, апанентам Лукашэнкі і адным з заснавальнікаў Беларускага народнага фронту.

«Быкаў ніколі не меў ілюзіяў наконт Лукашэнкі і дастаткова ўзгадаць, што ўжо ў вясну 1995 года пасля збіцця дэпутатаў БНФ у зале парламента, ён назваў уладу хунтай. Улада не прымала Быкава», – узгадвае палітык, журналіст Cяргей Навумчык.

Васіль Быкаў з іншымі ветэранамі пад бел-чырвона-белым сцягам.
Фота: Pinterest

А праз некалькі гадоў Васіль Быкаў пакінуў Беларусь. Жыў у Фінляндыі, у Нямеччыне, пасля папрасіў прытулку ў Чэхіі. У Сяргея Навумчыка захаваўся чарнавік рукапісу звароту.

Творы Васіля Быкава перакладзеныя на 23 мовы. Ягоныя кнігі пра Другую сусветную вайну дасюль актуальныя. У іх паказаны маральны выбар чалавека ў найболей драматычныя моманты жыцця.

«Быкаў – геній, а геній – гэта заўсёды чалавек будучыні. Гэта нам трэба дагнаць і дарасці да Быкава. Гэта чалавек, які гаворыць простай і прамой мовай, з яе вынікаюць простыя высновы. Першае – гэта чалавек дэмакратыі. Другое – гэта чалавек беларускага адраджэння. Трэцяе – гэта чалавек беларускай мовы», – зазначае Аляксандр Лукашук.

Васіль Быкаў памёр 22 чэрвеня 2003 года. У апошні шлях сапраўды народнага пісьменніка праводзілі 40 тысячаў чалавек.

Стагоддзю Васіля Быкава прысвечаная сёлетняя агульнанацыянальная дыктоўка. Яна адбудзецца 21-га лютага ў Дзень роднай мовы. Глядзіце і бярыце ўдзел на YouTube-канале «БЕЛСАТ LIFE» а 19:00. Тэкст Быкава прачытае Павел Латушка.

Аляксандр Дзегцяроў, «Белсат»