Кодэкс аб адукацыі Беларусі зноў перапішуць


Кодэкс аб адукацыі Беларусі зноў перапісваюць. Новая рэдакцыя мае паступіць у парламент у траўні налета. І калі яе зацвердзяць, выпускнікам ВНУ будзе яшчэ цяжэй атрымаць пераразмеркаванне і нават кампенсаваць затраты дзяржаве на сваё навучанне. Доктар палітычных навук Андрэй Казакевіч кажа, што прычына цалкам зразумелая.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

«Міграцыя, у тым ліку і беларускіх студэнтаў ці абітурыентаў, цяпер на сваім гістарычным максімуме, калі мы кажам пра заходні кірунак. Мы бачым, што ўсё больш і больш маладых людзей з’язджаюць з Беларусі. Калі гэта адаб’ецца на фінансавай столі сістэмы адукацыі, пакуль не магу сказаць».

Змены сістэмы вышэйшай адукацыі – рэч няспынная. Ужо карэктавалі правілы прыёму ў ВНУ і ўмовы размеркавання.

Прапанавалі спаганяць так званыя затраты на навучанне нават ад студэнтаў-платнікаў. Летась Беларусь выключылі з Балонскага працэсу – руху стварэння ў еўрапейскай прасторы вышэйшай адукацыі адзінага стандарту. Менск папросту ігнараваў палажэнні аднайменнай дэкларацыі.

«У нашай краіне не была ўведзеная сістэма, напрыклад, мабільнасці студэнтаў, гэта “Erasmus” – праграма абмену, – патлумачыла сакратарка Задзіночання беларускіх студэнтаў Лізавета Даўгулевіч. – Гэта сістэмы з правам выбару прадметаў для вывучэння. Я ўжо не кажу пра міжнародную супрацу ў сферы даследаванняў».

Школы Беларусі таксама не ўнікнуць зменаў. Навучальны год для дзесяцікласнікаў будзе доўжыцца да 25 траўня, а пасля – абавязковыя навучальна-палявыя (фактычна – пачатковыя вайсковыя) зборы. За квіткі на школьныя экскурсіі меркавана будуць плаціць з бюджэту. А індывідуальным прадпрымальнікам забароняць аказваць паслугі ў дашкольнай і спецыяльнай адукацыі. Гэта значыць, што гурткі і секцыі не пад кіраўніцтвам настаўнікаў у школах працаваць не будуць.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Школьнікі.
Фота: Freepik

«Гэта цалкам лагічна з гледзішча тых, хто сябе называе ўладаю. Бо гэтыя людзі паходзяць не са сценаў школы, іх немагчыма кантраляваць. Невядома ж, што ў іхных галовах. А для ўладаў Беларусі цяпер няважна, што будзе з дзецьмі», – адзначыў былы настаўнік і кіраўнік гурткоў Сяржук Герасімовіч.

Агулам сярэднюю адукацыю ў Беларусі рэфармуюць не менш зацята, чым вышэйшую. Узгадайма, напрыклад, істотныя змены ў вывучэнні замежных моваў. З навучальнай праграмы і са школьных бібліятэк выкінулі творы беларускіх класікаў і сучаснікаў: Уладзіміра Караткевіча, Алеся Разанава, Святланы Алексіевіч.

Усе гэтыя падыходы трэба будзе мяняць у новай Беларусі. Кандыдат сацыялагічных навук, даследнік гістарычнай памяці і нацыянальнай ідэнтычнасці Аляксей Ластоўскі мяркуе, што належыць перайсці на іншую мадэль адукацыі:

«Больш ліберальную мадэль, дзе не будзе такога жорсткага дыктату з боку дзяржавы, дзе будзе большая свабода як да ўніверсітэтаў, так і да школаў – для вызначэння ўласнай палітыкі».

А цяпер прыватная адукацыя ў нашай краіне амаль знішчаная. З колішніх 35 прыватных школаў ды гімназіяў у Беларусі да сёлетняга жніўня пратрымалася ўсяго 6. Адную з іх, што ў элітным сталічным раёне Дразды, звязваюць з імем Ірыны Абельскай. Сярод былых і цяперашніх вучняў – унукі Лукашэнкі і сын Мікалай, а таксама дзеці ягоных хаўруснікаў. Беларускі расследавальніцкі цэнтр высветліў, што летась дзяржава кампенсавала гімназіі кошт абедаў на 15 тысяч рублёў з фармулёўкай «для дзяцей з малазабяспечаных і шматдзетных сем’яў». І двойчы вылучала бюджэтныя грошы на прыбіранне тэрыторыі.

Марына Яновіч, «Белсат»