Беларусь стала рызыкоўнай для інвестараў


Беларусь – у лідарах краінаў свету, куды найбольш рызыкоўна інвеставаць. На партале «Віжуал Кэпіталіст» апублікаваная мапа, якая не дапаможа афіцыйнаму Менску прывабліваць інвестыцыі ў Беларусь. Асноўны чыннік – санкцыі, звязаныя з расейскаю вайсковаю прысутнасцю ў Беларусі. Пры гэтым расейцы публічна скардзяцца на невыкананне Беларуссю сваіх абавязкаў паводле еўрабондаў. Распавядаем пра інвестыцыйнага клімат Сінявокай.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

Ніжэй – няма куды. Гэта пра месца Беларусі на мапе інвестыцыйных рызыкаў гэтага года. Нашая краіна – у пяцёрцы найбольш небяспечных для інвеставання дзяржаваў свету. Рызыка 24,8 %, як у Венесуэле, Судане, Ліване і Сірыі. Галоўныя фактары – іміджавыя і санкцыйныя. Праз саўдзел Беларусі ў агрэсіі супраць Украіны. Але не толькі:

«Уплывае пазіцыя міжнародных рэйтынгавых агенцыяў (як той жа “Фітч”), якія прыпынілі на сённяшні дзень публікацыю крэдытных і інвестыцыйных рэйтынгаў Беларусі», – кажа экспертка цэнтру эканамічных даследаванняў «BEROC» Настасся Лузгіна.

Прыпынілі, бо Беларусь схавала статыстыку адносна асноўных эканамічных паказнікаў. І нават датычныя інвестыцыяў. Апошнія звесткі пра іх аб’ём – за 2021 год: $ 14,67 млрд. Сёлета такі вынік немагчымы з яшчэ адной прычыны:

«Ёсць канстатаванне факту, што дзяржава не плоціць па сваіх даўгах. Што, дарэчы, здараецца рэдка. Не дарэмна ж кажуць пра тое, што дзяржаўныя аблігацыі маюць нізкую ступень рызыкі. Таму што дзяржава, як правіла, зʼяўляецца надзейным платнікам», – канстатавала Настасся Лузгіна.

Летась у ліпені агенцтва «Фітч» акрэсліла тэхнічны дэфолт Беларусі ў выплатах паводле дзяржаўных аблігацыяў. Мінфін тлумачыў, што можа заплаціць пакупнікам аблігацыяў, але не ў доларах, а ў беларускіх рублях. Што ёсць парушэннем кантракту.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Беларускія капейкі.
Фота: Белсат

Расейскія пакупнікі беларускіх еўрабондаў спрабуюць ціснуць на Менск. Звярнуліся да сваіх уладаў з просьбаю абмежаваць крэдытаванне Беларусі, пакуль наша краіна з імі не разлічыцца.

Беларусь у гэтай сітуацыі апынулася фактычна ў выніку падтрымання Расеі і саўдзелу ў расейскай геапалітыцы. Чаму ж сама Расея на мапе інвестыцыяў выглядае на 6,6 % лепш?

«У Расеі прынамсі ёсць карысныя выкапні, і яны яшчэ ажыццяўляюць гандаль гэтымі выкапнямі і іншымі сваймі рэсурсамі, якія падмацоўваюць сілу іхнай валюты. Беларусь, прысмактаўшыся да Расеі, трымае эканоміку толькі за кошт донараў. Па-сутнасці, гэта зомбі», – лічыць Яраслаў Кот.

Адпужвае інвестараў таксама бесцырымоннасць лукашэнкаўцаў што да прысвойвання чужога дабра.

Напрыклад, у канцы верасня брытанскай кампаніі «Солар Лэнд» не ўдалося выйсці з беларускага бізнесу праз банкруцтва. У межах контрасанкцыяў дзяржава «адціснула» ў фірмы сотні мільёнаў долараў за вырабленую электраэнергію. Беларускі суд застаўся на баку «Магілёўэнерга».

А ў эканамічным судзе Віцебскай вобласці прымушаюць збанкрутаваць кампанію «ММПЗ-груп», якая кіравала паспяховым Мёрскім металапракатным заводам… пакуль яго не нацыяналізавалі. На гэты момант беларуская дзяржава не адпускае з рынку каля дзвюх тысячаў замежных кампаніяў. Спробы ўцячы заканчваюцца штрафамі.

Юлія Цяльпук, «Белсат»