Агітацыя па-праваслаўнаму: з беларусаў збіраюць грошы на акупантаў Данбасу


У Баранавічах гэтымі днямі праходзіць праваслаўны фестываль «Радасць». Да 27 верасня больш за 30 цэркваў і манастыроў прапаноўваюць на кірмашы сваю прадукцыю, праводзяць лекцыі і майстар-класы. Здавалася б, файнае свята з правільнымі каштоўнасцямі. Аднак не ўсё так проста. Што не так з баранавіцкім фестывалем праваслаўнай культуры?

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

З малебну на «добрую справу». У Баранавічах распачаўся сямейны праваслаўны фестываль «Радасць». Сярод арганізатараў – Свята-Елісавецінскі манастыр. Сумнавядомы падтрыманнем расейскіх акупантаў, ён вызначыўся і цяпер, арганізаваўшы на фестывалі збор сродкаў для дапамогі так званым вайскоўцам Данбасу. Паводле святара Аляксандра Шрамко, ініцыятыва ідзе зверху.

«Што будзе падтрымліваць Лукашэнка, то будзе падтрымліваць манастыр. Калі праверыць, як яны гандаль вядуць, як грошы зарабляюць, як ільготамі і прывілеямі карыстаюцца. Яны канкрэтна завязаныя на дзяржаве, ёй абавязаныя. Таму будуць працаваць на яе, на прапаганду», – мяркуе святар Аляксандр Шрамко.

Цягам дзесяці дзён, паводле арганізатараў фэсту, жыхароў Баранавічаў чакае насычаная праграма: кірмаш, духоўныя чытанні, майстар-класы, размовы. Гэтак, плануецца сустрэча з Аляксеем Талаем, што датычны да вывазу ўкраінскіх дзяцей з акупаваных тэрыторыяў у Беларусь. А фонд Талая заклікае ўдзельнікаў фестывалю дапамагчы сем’ям Данбасу: зрабіць ахвяраванне, прынесці харчы, бытавую хімію ці канцылярскія прылады.

«Усім раю разумець, што калі ты ахвяраваў, прынёс дзіцячы абутак, каб было што дзецям абуць, – гэта гуманны ўчынак. Другая справа, калі ты ўцягваешся ў вываз людзей, дзяцей з акупаваных тэрыторыяў. Гэта злачынства, і за гэтае злачынства канкрэтныя выканаўцы будуць пакараныя», – разважае Вадзім Мажэйка, каардынатар беларускай экспертнай сеткі «Наше мнение».

Збор сродкаў у дапамогу расейскім вайскоўцам у Свята-Елісавецінскім манастыры.
Фота: «Хрысціянская візія» / Telegram / christianvision

Дабрачыннасць, паводле адной з арганізатарак фестывалю, сястры Анастасіі, праходзіць «чырвонаю стужкаю праз усе фестывальныя мерапрыемствы». Пад эгідай узаемадапамогі манашка Свята-Елісавецінскага манастыра заклікае беларусаў прыйсці на канцэрт «Сваіх не кідаем», грошы з якога адправяць расейскім акупантам, а таксама напісаць лісты на фронт.

«Такія рэчы адбываюцца, па-першае, таму, што Праваслаўная Царква гістарычна звязаная з Расеяй. Па-другое, таму, што няма нейкага моцнага грамадска-палітычнага імпульсу па адвязванні ад Расеі, як, напрыклад, ва Украіне, дзе гістарычныя сувязі таксама былі. Ну, і па-трэцяе, гэта асобы кіраўнікоў ці важных манахаў, манашак, якія так ці іначай з нейкімі дзеячамі расейскімі звязаныя», – кажа Вадзім Мажэйка.

Днямі за актыўную прапагандысцкую дзейнасць і дапамогу акупантам Свята-Елісавецінскі манастыр адзначылі ў Марыупалі. Грамату ад кіраўніка ДНР Дзяніса Пушыліна перадалі менчуку Мікалаю Гаўрылаву, што ездзіць па франтавых акупаваных вёсках з ініцыятыўнаю групаю «Дапамога Данбасу». Менавіта яму, пачынаючы з жніўня 2022-га, і збіраюць ахвяраванні манашкі. Пры гэтым сродкі ідуць не толькі на мірных жыхароў. Узімку ў інтэрнэце зʼявілася відэа, на якім расейскі вайсковец дзякуе сёстрам за вайсковую тэхніку.

Сёстры Свята-Елісавецінскага манастыра праяўляюць актыўнасць і на культурным фронце: гэтак, напачатку верасня для выхаванцаў нядзельнай школы яны ладзілі паказ фільму «Фагот», што рамантызуе акупацыйную вайну Расеі, а ўлетку ў сценах святыні арганізавалі Z-канцэрт: з праваеннымі песнямі ды заклікамі паскорыць расейскую перамогу.

Наста Печанькова, «Белсат»