Увага! Небяспечнае надвор’е! Абвешчаны памаранчавы ўзровень небяспекі


Увага! У Беларусі абвешчаны памаранчавы ўзровень небяспекі праз моцныя снегапады і парывісты вецер. У такіх сапраўды зімовых умовах пільнымі варта быць і кіроўцам, і пешаходам.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

Сёння на большай частцы Беларусі прайшлі інтэнсіўныя снегапады і пранёсся парывісты вецер. Як паведамілі сіноптыкі, на раніцу чацвярга ў Менску снежнае покрыва дасягнула 21 см. Але ападкі не скончыліся, як і завеі.

У сталіцы снегапад выклікаў сапраўдны транспартны калапс. Вялізныя заторы ўзніклі на ўнутраным коле вуліцаў і ў цэнтры Менску.

Як паведамілі нам у Белгідраметцэнтры, заўтра і ў выходныя снег і снег з дажджом чакаюцца на большай частцы краіны.

«Там ужо новае з Захаду прыходзіць: і новыя атмасферныя фронты, і ўжо пачнуцца ападкі ў суботу. Вось, а ў нядзелю ўжо там і вецер дабавіцца, гэта значыць, будуць і ападкі, снег, мокры снег, і ўжо і завіруха, парывісты вецер. У нядзелю – нядобры дзень будзе, тэмпература паветра яшчэ больш панізіцца», – распавёў нам сіноптык Белгідраметцэнтру.

Сіноптыкі папярэджваюць пра галалёдзіцу. Камунальнікі вывелі на дарогі дадатковую ачышчальную тэхніку. Дзяржаўтаінспекцыя – дадатковыя патрулі.

галалёд у Берасці
Здымак мае ілюстрацыйны характар. Уборка снегу ў Берасці. 3 студзеня 2023 года.
Фота: brestgik / Telegram

Непагадзь дадала працы і ратаўнікам. Напрыклад, у сераду раніцай у Гомельскай вобласці пажарныя машыны выцягвалі са снегу аўтобусы і легкавік у трох розных месцах. Міністэрства надзвычайных сітуацыяў рэкамендуе кіроўцам устрымацца ад паездак па горадзе на ўласным транспарце.

Аўтамабільныя эксперты заклікаюць трымаць дыстанцыю і істотна знізіць хуткасць.

«Вельмі важнае правіла на слізкай дарозе, гэта тычыцца і гарадоў, і дарог, а дарогі – асабліва, – трымаць стырно роўна! І ні ў якім выпадку, калі мы на слізкай дарозе, 60+ кіламетраў у гадзіну рэзка руля тарганем направа ці налева – нас можа занесці і панесці ў невядомым кірунку», – тлумачыць аўтаэксперт Сяргей Пруднікоў.

Пра бяспеку мусяць думаць і пешаходы. Варта хадзіць асцярожна, з улікам галалёдзіцы. А на пешаходных пераходах – не пачынаць руху, пакуль машыны не спыняцца.

Яраслаў Сцешык, Ігар Дабралет, «Белсат»