Мінуў чацвёрты дзень форуму ў Давосе


Сустрэчы з палітыкамі і дыпламатамі ўсяго свету – сённяшні дзень Святлана Ціханоўская правяла на палях Сусветнага эканамічнага форуму. Сярод іншага, лідарка дэмакратычнае Беларусі сустрэлася з прэм’ер-міністрам Ірландыі Ліёўам Варадкарам, сустаршынём Еўрапейскай Рады ў міжнародных адносінах Карлам Більтам і з былой прэм’еркаю Фінляндыі Саннаю Марын.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

Абмеркавалі ў тым ліку і магчымую супрацу паміж дэмакратычнымі сіламі Беларусі і інстытутам Тоўні Блэра, дзе цяпер працуе Санна Марын. Сустрэчы ў Святланы Ціханоўскай адбыліся не толькі з еўрапейскімі лідарамі, але і з прадстаўнікамі некаторых постсавецкіх краінаў, якіх бакі дамовіліся не называць публічна.

«Цяпер для многіх краінаў камунікацыя з дэмакратычнымі сіламі Беларусі можа быць рызыкоўная, бо яны разумеюць, што можа быць адказ з боку Расеі», – тлумачыць такое рашэнне галоўны дарадца Святланы Ціханоўскай Франак Вячорка.

Напярэдадні ўвечары адбылася яшчэ адна важная для незалежнай Беларусі сустрэча: Святлана Ціханоўская наведала Дом «Google» ў Давосе, дзе кіраўніцтву кампаніі перадалі спіс канкрэтных запытаў ад беларускіх журналістаў і грамадзянскай супольнасці. Гэта ў тым ліку і падвышэнне прыярытэту беларускага кантэнту над расейскім для карыстальнікаў з нашае краіны, а таксама лакалізацыя сэрвісаў «Google» для Беларусі і стварэнне беларускага інтэрфейсу для электроннай пошты. І хоць праз алгарытмы дзеяння платформаў некаторыя праблемы ўручную залагодзіць немагчыма, але…

«Мы зробім план на цэлы год, у тым ліку трэнінгі для журналістаў, сустрэчы з прадстаўнікамі і рэдактарамі беларускіх медыяў, каб працаўнікі “Google” маглі патлумачыць, што мы, беларуская грамадзянская супольнасць і медыі, можам зрабіць, каб вышэй з’яўляцца ў пошуку і каб беларусы ўнутры краіны мелі доступ да гэтай інфармацыі», – кажа Франак Вячорка.

Святлана Ціханоўская і віцэ-прэзідэнтка «Google» Анэтэ Крэбэр-Рыль
Святлана Ціханоўская і віцэ-прэзідэнтка «Google» Анэтэ Крэбэр-Рыль. Давос, Швейцарыя. 18 студзеня 2024 года.
Фота: Светлана Тихановская / Telegram

Наступная сустрэча з кіраўніцтвам кампаніі «Google» адбудзецца ўжо праз месяц – падчас Мюнхенскага форуму бяспекі.

Галоўным жа вынікам удзелу Святланы Ціханоўскай у эканамічным форуме ў Давосе можна лічыць пашырэнне кантактаў дэмакратычнай Беларусі ў свеце. Сярод іншага, з краінамі Афрыкі і Лацінскай Амерыкі. Гэта ў тым ліку і краіны, што ўваходзяць у поле інтарэсаў лукашэнкаўскага рэжыму – як, напрыклад, Катар.

«Гэтыя краіны – яны маленькія, але таксама маюць права голасу, напрыклад, у Арганізацыі Абʼяднаных Нацыяў. І важна, каб яны таксама галасавалі ў пытаннях, важных для аховы правоў чалавека і ў міжнародных арганізацыях. Ці каб яны далучаліся да санкцыяў супраць рэжыму Лукашэнкі», – падкрэслівае дырэктарка Даследчага цэнтру «Globsec» Алена Кудзько.

Лукашэнка, кантактуючы з нееўрапейскімі краінамі, спрабуе не толькі ўратаваць сваю эканоміку, але і робіць намаганні вярнуцца ў інфармацыйную прастору ды атрымаць легітымнасць як кіраўнік Беларусі.

«Наш мэсідж адназначны: мы можам гаварыць пра супрацу. І мы хацелі б, каб былі інвестыцыі і была камунікацыя. Але не рабіць гэтага цяпер, пакуль Лукашэнка пры ўладзе, таму што гэтая супраца вядзе да яшчэ большых рэпрэсіяў, яна вядзе да падтрымання вайны. І гэты мэсідж удалося перадаць», – лічыць Франак Вячорка.

Тэма цяперашняга форуму – «Аднаўленне даверу». І прадстаўнікі дэлегацыі Ціханоўскай падкрэсліваюць важнасць такіх знаёмстваў і сустрэчаў падчас міжнароднага форуму. Гэта першы крок да супрацы з рознымі краінамі, першая спроба паказаць ім, што справу можна мець не толькі з лукашэнкаўскім рэжымам, але і з дэмакратычнай Беларуссю.

Ірына Дарафейчук, «Белсат»