Лукашэнку не паклікалі ў Кітай на форум «Адзін пояс – адзін шлях»?


«Адзін пояс – адзін шлях». Але не для кожнага. Лукашэнка не паляцеў у Кітай на форум міжнароднай супрацы. Хаця анансаваў свой удзел у гэтай падзеі.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

«Кітай працягвае інвеставаць у “Вялікі камень“, Кітай працягвае інвеставаць у інфраструктуру, але інфраструктура працуе вельмі спарадычна. І кожны раз даводзіцца, хутчэй за ўсё, паднімаць трубку і казаць: паважаны Аляксандр Рыгоравіч, а што ў вас тамака з мытнымі пунктамі? Чаму вы іх закрылі, бо вам так захацелася? Чаму сёння вы іх адчынілі? Вам так захацелася? Гэта проста ненадзейны эканамічны партнёр», – мяркуе кітаіст Ляйпцыгскага ўніверсітэту Аляксей Чыгадаеў.

«Адзін пояс – адзін шлях» – гэта праект, прапанаваны Кітаем у 2010 годзе і пакліканы аб’яднаць гандлёвую інфраструктуру Эканамічнага пояса Шаўковага шляху і Марскога шаўковага шляху 21-га стагоддзя. У лідара НАУ наконт адсутнасці там Лукашэнкі ёсць свая версія.

«Лукашэнка пайшоў на размяшчэнне ядравай зброі на тэрыторыі Беларусі, чым таксама быў незадаволены Кітай. Лукашэнка актыўна падтрымлівае вайну супраць Украіны. І гэта ўсё ў комплексе, але перад усім – гэта вайна мігрантамі, гэта ядравая зброя… Прыводзіць да таго, што Кітай дае моцныя мэсіджы Лукашэнку», – кажа Павел Латушка.

Паводле Аляксея Чыгадаева, на форум прыязджаюць лідары розных краінаў свету, у тым ліку каб атрымаць ад Паднябеснай фінансаванне на супольныя праекты. Сёлета ў Пекіне – прадстаўнікі 130 дзяржаваў.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Сцяг Кітая.
Фота: Ecow / Wikimedia, CC0

«На форуме ў Пекіне прысутнічае, напрыклад, Уладзімір Пуцін, які па ўсіх крытэрыях таксічнасці, відавочна, яшчэ больш таксічны, чым Лукашэнка. Ну і ўвогуле Кітай, Беларусь… Узровень гэтых краінаў не такі, мне здаецца, каб нехта з сусветных лідараў байкатаваў форум у Пекіне з-за Лукашэнкі. Ну, проста не тыя маштабы», – заўважае рэдактар зборніку «Беларусский ежегодник» Вадзім Мажэйка.

На думку нашых экспертаў, якой бы ні была прычына адсутнасці Лукашэнкі ў Пекіне, Кітай пачаў разглядаць будаўніцтва свайго Шаўковага шляху ў абыход Беларусі.

«Лукашэнка стварае такія штучныя праблемы на транзітным шляху «Адзін пояс – адзін шлях» для Кітаю, і гэта таксічна. І немэтазгодна. Таму Кітай, канечне, будзе шукаць варыянты абыходу тэрыторыі Беларусі. Кітай будзе таксама даваць сігналы Лукашэнку, каб ён змяніў сваю палітыку», – кажа Павел Латушка.

Дзяржаўныя медыі ўвагі на адсутнасці Лукашэнкі ў Пекіне чакана не засяроджваюць. А чыноўнікі раптам агучылі лічбы таваразвароту з Кітаем. Паводле прадстаўнікоў Міністэрства сельскай гаспадаркі і харчавання, Беларусь нагандлявала з Кітаем на 6 мільярдаў долараў, прычым прадала тавараў у Паднябесную на 2 мільярды. Да таго ж удвая павялічыўся экспарт у Кітай калійных угнаенняў, а таксама мясной і малочнай прадукцыі.

Руслан Ігнатовіч, «Белсат»