На адной івэнт-панэлі з беларускай лідаркай Святланай Ціханоўскай выступалі прэзідэнт Польшчы Анджэй Дуда і міністр замежных справаў Украіны Дмытро Кулэба. Вядома, што ў цэнтры іхнай размовы была не Беларусь, а найбольш гарачыя і канфліктныя кропкі свету.
Глядзіце сюжэт у нашым відэа:
Прэзідэнт Польшчы Анджэй Дуда распачаў свой візіт у Давос з сустрэчы з генеральным сакратаром NATO Енсам Стольтэнбэргам. Абмяркоўвалі небяспеку, якую нясе Польшчы вайна Расеі супраць Украіны. Як прыклад, польскі прэзідэнт узгадаў нядаўні выпадак, калі расейская ракета ўвайшла ў паветраную прастору Польшчы. Тады абышлося без ахвяраў.
«Гэта сведчыць пра відавочную патрэбу ўмацавання бяспекі Польшчы, наяўнасці сістэмаў, што ахоўваюць нашае неба, нашую паветраную прастору. Нагадваю, што мы цяпер у працэсе стварэння ў нашай краіне трохузроўневай сістэмы супрацьпаветранай і супрацьракетнай абароны, але гэтая сістэма пакуль на стадыі будавання. Сёння нам патрэбнае падтрыманне», – заявіў прэзідэнт Польшчы Анджэй Дуда.
Зрэшты, пакуль расейскія войскі застаюцца на ўкраінскіх землях, небяспека існуе для ўсёй Еўропы. Менавіта таму падтрыманне Украіны мусіць працягвацца. Пра гэта заявіў Дуда і кіраўнік украінскага МЗСу Дмытро Кулэба.
«Вядома, першачарговая задача – скінуць Расею з нябёсаў, бо той, хто кантралюе неба, вызначае, калі і як скончыцца вайна. Дзеля гэтага Украіне неабходныя самалёты F-16, ракеты далёкага радыусу дзеяння, беспілотнікі і, вядома ж, сродкі радыёэлектроннай барацьбы. Калі ўсё гэта з’явіцца, мы працягнем перамагаць», – кажа Дмытро Кулэба.
І пэўныя поспехі ўкраінскіх збройных сілаў не засталіся без увагі на міжнародным форуме. Гэтак, дзяржаўны сакратар ЗША Энтані Блінкен падкрэсліў, што сусветныя пастаўкі збожжа працягнуліся толькі дзякуючы намаганням украінскага боку ў пасоўванні расейскага флоту ў Чорным моры. Аднак чакаць спынення агню ўсё ж не выпадае.
«Пуцін ужо пацярпеў няўдачу ў тым, што планаваў зрабіць. Ён паставіў перад сабой мэту сцерці Украіну з мапы, знішчыць яе незалежнасць, уключыць у склад Расеі. Гэта не атрымалася і, магчыма, не атрымаецца. Па-другое, Украіна не толькі супрацьстаяла агрэсіі. За апошні год яна вярнула сабе больш за 50 % тэрыторыі, што была адабраная ў яе ў лютым 2022 года», – прамовіў дзяржаўны сакратар ЗША Энтані Блінкен.
Не абышлі ўвагаю ўдзельнікі форуму і гарачую тэму збройнага сутыкнення Ізраілю з баевікамі «Хамасу». На пытанне трохразовага лаўрэата Пуліцэраўскай прэміі журналіста Томаса Фрыдмана, ці лічаць Злучаныя Штаты жыцці габрэяў даражэйшымі за жыцці палестынцаў, Энтані Блінкен адказаў катэгарычным «не». А генеральны сакратар ААН Антонью Гутэрыш ізноў заклікаў бакі неадкладна спыніць узаемны агонь:
«Бакі ў канфлікце ігнаруюць міжнароднае права, топчуць Жэнеўскую канвенцыю і нават парушаюць Статут Арганізацыі Аб’яднаных Нацыяў. Свет стаіць у баку. Забіваюць мірных жыхароў, пераважна жанчын і дзяцей. Мірныя грамадзяне скалечаныя, бамбаваныя, выгнаныя са сваіх дамоў і пазбаўленыя доступу да гуманітарнай дапамогі».
Залагоджванне канфлікту, на думку Гутэрыша, мусіць скончыцца дамоваю аб стварэнні дзвюх дзяржаваў.
Аліна Скрабунова, «Белсат»