Ціханоўская заклікала даць Украіне ўсё неабходнае


Дэлегацыю дэмакратычных сілаў Беларусі прынялі на найвышэйшым узроўні на Сусветным эканамічным форуме ў швейцарскім Давосе. Святлана Ціханоўская, якую арганізатары ганарова называюць абранаю прэзідэнткаю Беларусі, выступіла на адной з самых галоўных панэляў форуму – «Абарона адзінага еўрапейскага фронту».

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

Свой выступ Ціханоўская пачала словамі пра ўзаемасувязь лёсаў Украіны і Беларусі:

«Мы ў Беларусі ў поўнай меры разумеем, што без свабоднай Украіны не будзе свабоднай Беларусі. Але ў той жа час без свабоднай, незалежнай, еўрапейскай Беларусі будзе сталая пагроза для Украіны і нашых суседзяў. Пакуль рэжым Лукашэнкі – у краіне, Беларусь будзе балконам для нападу на нашых суседзяў. Таму перамога Украіны вельмі важная і для Беларусі таксама».

Падсумоўваючы гэты тэзіс, Ціханоўская заклікала дэмакратычны свет даць Кіеву неабходную дапамогу. А таксама – прыцягнуць да адказнасці Аляксандра Лукашэнку:

«Лукашэнка ўчыніў вельмі шмат злачынстваў. Злачынстваў супраць чалавечнасці. Ён захапіў самалёт, ён учыніў міграцыйны крызіс, ён звязаны з дэпартацыяй украінскіх дзяцей з акупаваных тэрыторыяў у Беларусь. І нам важнае спецыяльнае расследаванне гэтых злачынстваў. Пакуль міжнародныя структуры працуюць не так эфектыўна, як яны маглі б гэта рабіць».

Пасля выступу Ціханоўская правяла кароткую сустрэчу з прэзідэнткай Вугоршчыны Каталін Новак. Беларуская лідарка падкрэсліла, што вельмі важна, каб Будапэшт трымаўся супольнай палітыкі Еўрапейскага Звязу ў дачыненні нашае краіны. У тым, што гэткія сустрэчы будуць мець свой вынік, упэўнены дарадца Ціханоўскай у эканамічных рэформах Алесь Аляхновіч:

«Безумоўна, пакуль у Беларусі кіруе рэжым, гэтыя вынікі, скажам так, не настолькі відавочныя для беларусаў унутры краіны. Тым не менш, калі б не было гэтых сустрэчаў, цяжэй бы было беларусам легалізавацца ў той жа Польшчы, у Літве, у іншых краінах. У ЗША, напрыклад. Беларусы былі б дыскрымінаваныя гэтаксама, як расейцы. А гэтага не адбываецца».

Святлана Ціханоўская, міністр замежных справаў Украіны Дмытро Кулэба і прэм’ер-міністр Харватыі Андрэй Плэнкавіч
Святлана Ціханоўская, міністр замежных справаў Украіны Дмытро Кулэба і прэм’ер-міністр Харватыі Андрэй Плэнкавіч на Сусветным эканамічным форуме. Давос, Швейцарыя. 17 студзеня 2024 года.
Фота: Офіс Святланы Ціханоўскай

Адбылася кароткая сустрэча Ціханоўскай з Дмытром Кулэбам. А адразу пасля – выступ на панэлі «Куды ідзе свабода слова?». На ёй Ціханоўская звярнула ўвагу на скарачэнне падтрымання незалежных беларускіх СМІ заходнімі партнёрамі.

«Без незалежных медыяў немагчыма зруйнаваць рэжым Лукашэнкі, немагчыма вызваліць палітвязняў, немагчыма падтрымліваць сувязь паміж беларусамі, якія ўнутры краіны, і беларусамі, якія выехалі. Яна пра гэта гаварыла і на панэлі, і з міністрамі замежных справаў падчас кулуарных размоваў. Гаварыла і пра падтрыманне палітвязняў і грамадзянскай супольнасці. Але, безумоўна, медыі – прыярытэт», – кажа галоўны дарадца Святланы Ціханоўскай Франак Вячорка.

Ужо ў канцы дня Святлана Ціханоўская сустрэлася з прэм’ер-міністрам Бельгіі Александэрам Дэ Кроў. Краіна цяпер акурат старшынюе ў Еўрапейскім Звязе. Гаворка ішла пра ўзмацненне ціску на рэжым Лукашэнкі і падтрыманне беларускай грамадзянскай супольнасці.

Руслан Ігнатовіч, «Белсат»