Як цыгарэты дапамагаюць рэжыму?


У Беларусі паліць амаль траціна насельніцтва! Паводле Міністэрства аховы здароўя, штогод у нашай краіне ад хваробаў, звязаных з паленнем, паміраюць 15500 асобаў.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

«Акрамя нікаціну там маса, сотня рэчываў. Усе – патэнцыйна шкодныя. Ну, перш за ўсё гэта смолы. Яны адназначна валодаюць канцэрагенным дзеяннем. Вось менавіта з-за смол так рэзка ўзрастае верагоднасць захворвання на рак лёгкіх», – кажа доктар-імунолаг Алег Дарашкевіч.

Паводле падлікаў медыкаў, у сярэднім чалавек, які паліць, скарачае сваё жыццё на 18 гадоў. Што ж да электронных цыгарэтаў, яны таксама вельмі небяспечныя для здароўя. У нагрэтай пары змяшчаецца смяротны для чалавека фармалін.

«Рэчыва, якое нават у малых колькасцях сур’ёзна пашкоджвае сятчатку вока. Я маю на ўвазе калі вы ўдыхаеце дастатковую колькасць пароў фармаліну, то ў вас узнікаюць сурʼёзныя таксічныя наступствы», – тлумачыць Алег Дарашкевіч.

Пазбавіцца ад тытунёвай залежнасці самастойна – звышцяжка, кажа наш эксперт. Калі няма магчымасці звярнуцца па дапамогу да доктара, паспрыяюць наступныя рэчы. Па-першае, трэба сябе спытаць: а навошта мне цяпер паліць цыгарэту?

«Бо залежнасць прадугледжвае тое, што аб’ект залежнасці выконвае нейкую функцыю. Ну вось цяпер ён дзеля чагосьці патрэбны. Вось цяпер мне навошта патрэбная цыгарэта? Мне будзе, напрыклад, лягчэй чакаць грамадскі транспарт і я такім чынам баўлю час? Або мне так лягчэй неяк размеркаваць сваю працу?», – расказвае нарколаг Павел Перапёлкін.

І калі вы знайшлі адказ на гэтыя пытанні, трэба паразважаць, як гэтай мэты вы можаце дасягнуць інакш.

«І вось мэта тут – сфармаваць тыя паводзіны, якія будуць дасягаць тых самых мэтаў, выконваць тую самую функцыю, але ўжо іншымі сродкамі», – кажа Павел Перапёлкін.

Вытворчасць цыгарэтаў прыносіць вялікі прыбытак рэжыму Лукашэнкі. У Беларусі толькі Гарадзенская тытунёвая фабрыка – дзяржаўная. Два іншыя прадпрыемствы належаць набліжаным да самаабвешчанага кіраўніка алігархам.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Цыгарэты.
Фота: pixabay.com

«Першае – гэта тое, што трымаюцца нізкімі акцызы. Гэта для таго, каб людзі не пачыналі менш паліць і, адпаведна, палілі больш і прыносілі грошы ў дзяржаўны скарб. Другая прычына – гэта тое, што Аляксею Алексіну гэтак жа, як і шэрагу іншых алігархаў, Аляксандр Лукашэнка вылучае невытлумачальныя кармушкі ў беларускай эканоміцы. Мы іх таксама называем прыватызацыяй падаткаў», – распавядае кіраўнік Беларускага расследавальніцкага цэнтру Станіслаў Івашкевіч.

Зарабляе рэжым і на кантрабандзе тытуню, перадусім у краіны Еўразвязу.

«Бізнес, звязаны з кантрабандаю цыгарэтаў, ёсць асноваю фінансавай мадэлі дыктатарскага рэжыму Лукашэнкі. Даходы ад нелегальнага бізнесу ідуць у такія юрысдыкцыі, як Кіпр і ААЭ. А затым пад выглядам замежных інвестыцыяў вяртаюцца ў Беларусь і інвестуюцца ўжо ў іншыя манапалізаваныя рэжымам сферы. Такія, напрыклад, як аперацыі з нерухомай маёмасцю», – тлумачыць навуковы працаўнік Цэнтру эканамічных даследаванняў «BEROC» Алег Мазоль.

Даследнікі падлічылі, што пры сярэднім спажыванні аднаго пачка цыгарэтаў за дзень беларусы трацяць на шкодную звычку прыкладна 584 долары за год.

Руслан Ігнатовіч, «Белсат»