Лукашэнка працягвае запалохванні


У Лельчыцкім раёне затрымалі дыверсантаў, што не абмінула ўвагі  Лукашэнкі. Паводле ягоных заяваў, ад Украіны працягвае ісці пагроза ў бок Беларусі.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

«Толькі сёння затрымалі некалькіх дыверсантаў на ўкраінскай мяжы. З дапамогай дронаў па балотах некаторыя з украінскіх грамадзянаў перапаўзалі на нашую мяжу, перакідвалі выбухоўку для здзяйснення дыверсіяў перадусім на тэрыторыі Расеі і Беларусі», – заявіў ён.

Лукашэнка падкрэсліў, што затрымалі ўсіх дыверсантаў, ды назваў аперацыю чэкісцка-вайсковай. Хаця яшчэ ўчора паведамлялася пра вучэнні ў Лельчыцкім раёне, а на наш званок пад выглядам занепакоеных беларусаў КДБ каментароў не даваў:

«Ніякіх дадатковых уводных не паступала. Каментароў ніякіх не даем».

Заява Лукашэнкі далёка не першая падобнага кшталту. Найчасцей страшылкі пра тэрарыстаў і дыверсантаў з’яўляюцца перад выбарамі, нагнятаючы ў краіне атмасферу страху. Прыклад гэтага і пацук у вядры перад выбарамі 2006 года, і забойства ў Горадні нібыта тэрарыста, які пазней выявіўся супрацоўнікам КДБ, і нібыта прарыў джыпа з баевікамі праз украінскую мяжу ў 2017-м, што выявіўся імітацыяй.

Аляксандр Лукашэнка.
Фота: FACEBOOK Szijjártó Péter

Няма падставаў і цяпер лічыць, што з боку Украіны прарываліся дыверсанты, кажа палітолаг Анатоль Котаў:

«Для Украіны гэта азначае, што яны самі даюць падставы для таго, каб адкрыўся другі фронт на поўначы. Ім гэта не трэба. Таму гэта, канешне, чарговая казка».

Украінскі бок падкрэслівае, што Лукашэнка сваймі заявамі працягвае гуляць на баку тэрарыстычнай Расеі.

«У нас яны, вядома, могуць выклікаць усмешку, але для сваёй унутранай аўдыторыі яму трэба рабіць такія заклікі, каб хоць і беспадстаўна, але адзначаць, што з Украіны ідзе пагроза», – адзначае спікер Дзяржаўнай памежнай службы Украіны Андрэй Дэмчанка.

Шматлікія паведамленні Украіны пра ўмацаванне мяжы з Беларуссю і мінаванне прымежных тэрыторыяў таксама робяць сумнеўнымі заявы Лукашэнкі.

Ірына Дарафейчук, «Белсат»