Ва Украіне паведамілі пра безупыннае ўмацаванне мяжы з Беларуссю


Дзяржаўная памежная служба Украіны паведаміла, што ўмацаванне мяжы з Беларуссю не спыняецца. Пры гэтым перасоўвання беларускіх вайскоўцаў і тэхнікі не фіксуецца – у адрозненне ад сітуацыі на ўкраінска-расейскай мяжы.

«Нашыя вайскоўцы, інжынерныя групы памежнага ведамства ствараюць укрыцці для асабістага складу і тэхнікі, назіральныя і агнявыя збудаванні, барыкады і перашкоды для транспарту на ўсіх магчымых небяспечных напрамках па ўсёй лініі мяжы з Беларуссю», – гаворыцца ў паведамленні Дзяржаўнай памежнай службы Украіны.

Там таксама наладжваюць сістэму кругласутачнага відэаназірання дзеля кантролю абстаноўкі.

Пры гэтым прэс-сакратар украінскай памежнай службы Андрэй Дэмчанка канстатаваў, што на беларускім баку не фіксуецца перасоўвання вайскоўцаў і тэхнікі, а таксама выведнай дзейнасці.

Умацаванне аховы ўкраінска-беларускай мяжы.
Фота: dpsu.gov.ua

«Затое на мяжы з РФ Расея спрабуе выкарыстоўваць розную тэхніку для выведкі, у тым ліку беспілотнікі, а таксама дыверсійныя групы, якія цяпер даволі часта выяўляюцца на сумскім напрамку», – цытуе спікера агенцтва Укрінформ.

Аднак Украіна працягвае ўмацоўваць мяжу з Беларуссю.

«Гэта сотні кіламетраў равоў, сотні кіламетраў агароджы, гэта іншыя перашкоды, якія ўсталёўваюцца ў тым ліку ў прымежных раёнах. Гэта сотні агнявых пазіцый, што ўключаюць у сябе бліндажы і акопы, каб памежнікі мелі магчымасць супрацьстаяць любому ўварванню, калі яно паўторыцца. Інжынернае ўмацаванне непасрэдна на лініі мяжы з’яўляецца перашкодаю, якая можа часова стрымаць праціўніка ў выпадку спробы выкарыстоўваць гэты кірунак», – заявіў Дэмчанка.

Украіна пачала надаваць ахове мяжы з Беларуссю асаблівую ўвагу пасля таго, як поўнамаштабнае расейскае ўварванне ў леташнім лютым пачалося ў тым ліку з беларускай тэрыторыі.

Каментар
Украінскі эксперт: Украіна адчыняць памежныя пункты не збіраецца
2023.10.13 08:00

СК belsat.eu

Стужка навінаў