Літва адзначае Дзень узнаўлення дзяржавы


Урачыстыя шэсці і святочныя прамовы. Суседняя Літва адзначае важны дзень у сваёй гісторыі – Дзень узнаўлення літоўскай дзяржавы. Сярод тых, хто далучыўся да святочных імпрэзаў, былі і беларусы Літвы.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

З нагоды Дня ўзнаўлення дзяржаўнасці Лукашэнка павіншаваў літоўцаў з нацыянальным святам. Святочныя словы для несяброўскай для рэжыму краіны дыктатар ужо традыцыйна скіраваў не кіраўніцтву, а народу Літвы:

«Яшчэ некалькі гадоў таму ніхто не мог нават уявіць, што літоўскія палітыкі змогуць так бяздумна забараніць нам наведваць Літву, пабудаваць сцены з калючым дротам на агульнай мяжы, нацэліць на нас зброю і нават указваць, як нам жыць у сваёй краіне».

Сцены з калючым дротам на агульнай, як кажа Лукашэнка, мяжы з’явіліся не проста так, а ў адказ на міграцыйны крызіс 2021 года. Больш за тое, дыктатар сам заяўляў, што не будзе стрымліваць хвалі нелегальнай міграцыі ў краіны Еўразвязу, бо праз санкцыі ў Беларусі «няма на гэта ні грошай, ні сілаў».

«У нас з Літвой, Латвіяй і Польшчай дзве з паловай тысячы кіламетраў мяжы. Уяві сабе, дзве з паловай тысячы мяжы! Іх трэба закрыць. Хто гарантуе, што ў нас няма адтуль пагрозы?» – задаўся Лукашэнка рытарычным пытаннем у размове з прапагандысткай Скабеевай у чэрвені летась.

Аднак не толькі пагрозу з боку рэжыму Лукашэнкі бачаць у Літве. На адным з самых папулярных літоўскіх тэлеканалаў – TV3 – выйшаў сюжэт, у якім сцвярджаецца, што ў краіне ў складзе адмысловых харугваў працягваюць трэнавацца беларусы, якія разам з палком Каліноўскага могуць пагражаць незалежнасці Літвы. Гэтак, беларускія ваяры нібыта могуць пераапрануцца ў літоўскіх вайскоўцаў і напасці на Беларусь, каб справакаваць вайну.

«Давайце ўявім, калі яны сапраўды маюць сто асобаў, каб перайсці мяжу Літвы і Беларусі. Са зброяй у руках. Тады ў нас ёсць варыянт Крамля, што імкнецца таемна справакаваць нібыта дзеянні з боку Беларусі, калі на іх нібыта нападае краіна NATO, і відавочна, што падраздзяленне ці людзі ўзброеныя. Няважна, колькі іх, але інфармацыя не вельмі вясёлая…» – казаў у інтэрв’ю TV3 вайсковы аналітык Аўрымас Навіс.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Peggy und Marco Lachmann-Anke / Pixabay

Наколькі такі варыянт можа быць рэалістычным?

Сяржук Кедышка, сузаснавальнік Паспалітага рушэння лічыць, што заявы, якія прагучалі ў сюжэце літоўскага тэлебачання, абсурдныя:

«Чаму? Таму што на дадзены момант шмат беларусаў ваююць ва Украіне, за цэласнасць Украіны. Ужо загінула каля 40 чалавек. І калі абвінавачваць людзей, якія са зброяй у руках дапамагаюць братэрскаму ўкраінскаму народу бараніць сваю незалежнасць, у тым, што яны са зброяй будуць заваёўваць чужыя тэрыторыі, а тым больш Літвы, тут няма ніякай крытыкі».

У той жа час кіраўнік Камітэту нацыянальнай бяспекі і абароны Літвы Лаўрынас Касчунас, які прапанаваў пазбаўляць відаў на жыхарства тых беларусаў, якія часцей чым раз на месяц ездзяць на радзіму, у вышэйзгаданым сюжэце заявіў, што не хоча, каб Літва пераўтварылася «у лабараторыю для незразумелых утварэнняў». З нагоды апошніх выказванняў літоўскіх палітыкаў рух «Вольная Беларусь» распаўсюдзіў адмысловую заяву, у якой выказаў заклапочанасць і абурэнне з антыбеларускай прапаганды ў Літве.

«Гэты кансерватыўны ўрад ужо выселіў дзве тысячы беларусаў. Не дазваляе рабіць другую беларускую школу. Фактычна беларусы абʼяўляюцца ворагамі дзяржавы. Пра гэта адкрыта гаворыцца. Палітыкі, якія гэта робяць, абсалютна безадказныя. Яны не разумеюць, што яны кажуць», – падкрэслівае лідар руху Зянон Пазняк.

Рух «Вольная Беларусь» прапаноўвае афіцыйнай Вільні спыніць негатыўнае стаўленне да беларусаў, нейтралізаваць шкодныя інфармацыйныя атакі ды правесці супольную беларуска-літоўскую канферэнцыю ў пытаннях бяспекі.

Віталь Бабін, «Белсат»