Прэзідэнт Літвы: Жалезная заслона ўжо апусцілася


Гітанас Наўседа лічыць, што жалезная заслона паміж Захадам і Усходам ужо апусцілася «ўсім сваім цяжарам пасля 24 лютага 2022 года». Так літоўскі прэзідэнт пракаментаваў магчымасць закрыцця яшчэ двух памежных пунктаў паміж Літвой і Беларуссю.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Памежная зона паміж Літвой і Беларуссю. Крыніца: hvylya.net

«Нават пасля пачатку вайны некаторыя мае калегі з Еўрапейскай рады ўсё яшчэ мелі ілюзіі, але іншыя тут жа адмовіліся ад іх, калі даведаліся аб зверствах, якія Расея прадэманстравала ў Бучы. Так што жалезная заслона ўжо ёсць, яна, верагодна, апусцілася надоўга, я не бяруся меркаваць, на дзесяцігоддзі ці гады, гэта шмат у чым будзе залежаць ад будучыні расейскага рэжыму», – адзначыў Гітанас Наўседа ў размове з журналістамі.

На думку літоўскага прэзідэнта, існаванне гэтай заслоны будзе ствараць праблемы як для NATO, так і для Літвы, якая «павінна зрабіць шмат працы, і зрабіць яе хутка». Бо, на думку Наўседы, павольныя рэакцыі цяпер непрымальныя, асабліва ў сферы абароны, дзе трэба дзейнічаць хутка, каб «падрыхтавацца да любых выклікаў, якія могуць паўстаць».

Нагадаем, што 6 лютага ў Літве прагучала прапанова кіраўніка Нацыянальнага цэнтру кіравання крызіснымі сітуацыямі Вілмантаса Віткаўскаса закрыць на мяжы з Беларуссю яшчэ два прапускныя пункты, «Райгардас» і «Лаворышкес». Калі гэта адбудзецца, паміж нашымі краінамі застануцца толькі два КПП (першыя два памежныя пункты былі закрытыя ў жніўні 2023 года).

Беларуская дэмакратычная лідарка Святлана Ціханоўская адрэагавала на заявы літоўскіх палітыкаў, падкрэсліўшы, што закрыццё памежных пераходаў ударыць найперш па беларусах, большасць якіх выступае супраць Лукашэнкі і падтрымлівае Украіну. Яна заклікала не апускаць жалезнай заслоны, бо ад ізаляцыі беларусаў выйграюць толькі Лукашэнка і Пуцін.

Раман Шавель belsat.eu

Стужка навінаў