Ціханоўская ў Давосе падтрымала Украіну


І адразу Давос. Сусветны эканамічны форум. А на ім пра беларускія справы. Святлана Ціханоўская выступіла на сайд-івенце, прысвечаным адбудове Украіны і сістэме бяспекі. Абраная прэзідэнтка Беларусі пераконвае краіны Захаду, што трэба ўспрымаць супрацьстаянне расейскай агрэсіі не як «іх канфлікт» – дзесьці далёка ва Ўсходняй Еўропе, – а як агульную вайну за нашыя агульныя каштоўнасці.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

Беларусь можа пачакаць, пакуль улады Украіны будуць гатовыя да афіцыйных сустрэчаў, але ўсё роўна будзе падтрымліваць Кіеў у барацьбе супраць расейскай агрэсіі. Але не Беларусь Лукашэнкі, а дэмакратычныя сілы. Так Святлана Ціханоўская адказала на пытанне аб магчымых сустрэчах у Давосе з прадстаўнікамі Украіны на ўзроўні міністра і дарадцы замежных справаў. Ціханоўская ўдзельнічае ў Сусветным эканамічным форуме ўжо другі раз.

«Я разам з прэзідэнтамі Венгрыі і Польшчы, а таксама міністрам замежных справаў Украіны буду выступаць на тэму бяспекі ў рэгіёне і ролі Беларусі ў гэтым. Мы мусім выцягнуць Беларусь з вайны. Мы пастараемся знайсці новых саюзнікаў у свеце», – заявіла ў звароце да беларусаў Святлана Ціханоўская.

У межах форуму ў Давосе прайшло асобнае мерапрыемства, арганізаванае Грэцыяй і прысвечанае Беларусі і тэме дэмакратыі. Пра катаванні палітвязняў і пра нявольніцкую працу ў беларускіх турмах Ціханоўская мае паразмаўляць і з чыноўнікамі ды бізнесменамі на прыёме, арганізаваным тут генсекам ААН Антонью Гутэрышам.

«Сюды прыязджаюць лідары краін Азіі, Афрыкі, для якіх тэма Беларусі – гэта нешта далёкае і незразумелае. Іх трэба ўвесці ў курс справы, знайсці агульныя інтарэсы. Напрыклад, Святлану Ціханоўскую запрасілі на дзяржаўны прыём урада Катару», – распавёў «Белсату» галоўны дарадца Святланы Ціханоўскай Франак Вячорка.

У Давосе Святлана Ціханоўская сустрэлася з вядомым фінансістам Білам Браўдэрам, які арганізаваў прыём для праваабаронцаў, чыноўнікаў і міністраў. Біл Браўдэр завочна асуджаны ў Расеі, яго затрымлівалі паводле міжнароднага ордару Крамля. Бо некалькі гадоў таму брытанскі фінансіст ініцыяваў акт Магніцкага. Гэта закон аб санкцыях краінаў Захаду супраць расейскіх уладаў, названы ў гонар загінулага ў маскоўскім СІЗА «Матроская цішыня» юрыста Сяргея Магніцкага, які і выявіў маштабную схему вываду сродкаў з расейскага бюджэту. І Браўдэр працягвае актыўна лабіяваць новыя санкцыі.

Святлана Ціханоўская на сайд-івэнце падчас Сусветнага эканамічнага форуму ў Давосе.
Фота: Офіс Святланы Ціханоўскай

«Расейцы і іхныя пасярэднікі выдатна ўмеюць хаваць рэчы, класці іх у скрынкі ўнутры скрынак унутры яшчэ іншых скрынак і хаваць усё ў кампаніі і трасты. Як ураду атрымаць інфармацыю? Я прапаноўваю папраўку да закону, якая стварыла б юрыдычную адказнасць для любога, хто дапамог асобе пад санкцыямі, каб гэты памагаты пад пагрозаю пакарання стаўся інфарматарам ураду», – так фінансіст, ініцыятар закону Магніцкага Біл Браўдэр тлумачыў свае чарговыя захады супраць расейскіх карупцыянераў у 2022-м годзе.

«Нам важна, каб Біл Браўдэр разумеў значэнне Беларусі. Асобна мы падкрэслілі, што Беларусь і Расею нельга класці ў адзін кошык», – падкрэсліў Франак Вячорка.

У Давосе каманда Святланы Ціханоўскай прасоўвае ідэю Міжнароднага фонду дапамогі рэпрэсаваным, іх сем’ям і былым палітвязням, а таксама шукае падтрымкі ў будучым правядзенні дэмакратычных рэформаў у Беларусі – пасля змены ўлады.

«Мы, беларусы, прасоўваем свой парадак дня, бо ў нас сваякі і сябры ў турмах. І ўся Беларусь цяпер падобная на турму. А рэжым прадае наш суверэнітэт Расеі, таму наш прыярытэт – выратаваць нашую нацыю, нашую незалежнасць», – патлумачыла журналістам «Associated Press» абраная прэзідэнтка Беларусі Святлана Ціханоўская.

Галоўны дзень выступленняў Святланы Ціханоўскай у асноўнай праграме – у сераду. Сам Форум працягнецца да пятніцы.

Яраслаў Сцешык, «Белсат»