«Tinder» пакіне Беларусь


Шчодра стаўце суперлайкі і выкарыстоўвайце іншыя бонусы. Асабліва калі маеце платную падпіску. Часу ў вас – да Дня святога Валянціна ўключна. З 15-га лютага кампанія-ўладальнік «Match Group» закрывае папулярны сэрвіс онлайн-знаёмстваў «Tinder» у Беларусі.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

«Я думаю, што “Tinder” насамрэч быў самай папулярнай прыладай у беларусаў. І сказаць так адразу, што найбольш папулярна акрамя “Tinder”, вельмі складана. Таму што, здаецца, у кожнай узроставай групе гэта будзе сваё», – каментуе суаўтарка YouTube-праекту «Полчаса кардио» Ганна Пярова.

З’яўленне і развіццё падобных да «Tinder» сэрвісаў моцна спрасціла камунікацыю. Знік асноўны, паводле псіхолагаў, стоп-фактар офлайну – боязь зрабіць першы крок. Не менш важная і эканомія часу на тое, каб атрымаць жаданы вынік знаёмства.

Адзін толькі «Tinder», згодна са статыстыкаю, за летась налічвае больш як 75 мільёнаў карыстальнікаў. Амаль 80% з іх – мужчыны. 30% карыстальнікаў ужо ў сужэнстве. Штодзённа ў «Tinder» адбываецца больш за 30 мільёнаў супадзенняў, калі карыстальнікі ставяць узаемныя лайкі, пасля чаго для іх робіцца даступнае ліставанне. 95% «мэтчаў» ідуць на офлайн-спатканне цягам двух-сямі дзён пасля знаёмства ў «Tinder». Аднак знікненне гэтага сэрвісу – не трагедыя, мяркуе нашая суразмоўца.

«Можа быць, людзі пачнуць глядзець навокал сябе і, напрыклад, паглядзяць на свайго калегу і скажуць: ды вось жа, вось жа пара мая тут сядзела, а я там у “Tinder” лістаў увесь час», – дадае Ганна Пярова.

Варта памятаць, што папулярнасцю сэрвісаў онлайн-знаёмстваў актыўна карыстаюцца махляры. Паводле блізкай да злачынцаў схемы дзеюць і сілавікі Лукашэнкі. Пасля 2020 года яны шукаюць на дэйтынг-сэрвісах анкеты, дзе ёсць здымкі з пратэстаў, знаёмяцца пад выглядам звычайнага карыстальніка і правакуюць размовы на палітычныя тэмы. Пасля гэтага адбываюцца затрыманні. Вядомыя як мінімум тры такія выпадкі.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Крыніца: unsplash.com

«Калі вы чуеце ўжо інтуітыўна, што нешта не так, лепш ужо спыніцца ці перапрасіць, задаць больш пытанняў пра гэтага чалавека, ці ён сапраўдны, запрасіць нейкія спасылкі на натуральныя яго сацсеткі, яго акаўнты», – каментуе псіхолаг Віялета Нікіцік.

«Tinder» выйдзе, аднак небяспека застанецца. Напрыклад, яго папулярны сярод беларусаў расейскі аналаг «Mamba.ru» мусіць захоўваць змест ліставання расейскіх карыстальнікаў цягам шасці месяцаў і перадаваць звесткі спецслужбам па запыце. Хто гарантуе, што негалосна тое ж не датычыць і беларусаў? Ёсць і небяспека іншага тыпу: актыўныя і ўразлівыя карыстальнікі праграмаў для знаёмстваў могуць трапіць у псіхалагічную пастку.

«Шмат людзей становяцца залежнымі менавіта ад віртуальных знаёмстваў, і сама адзнака чалавека становіцца залежнай ад таго, колькі там яму паставілі лайкаў. І яго рэальнае жыццё ці знаёмствы ў рэальным жыцці ідуць у заняпад», – мяркуе Віялета Нікіцік.

Паводле ініцыятывы «Motolko.help», пасля 24-га лютага 2022-га года Беларусь пакінулі прыблізна 160 кампаніяў. Сярод іх – папулярныя онлайн-сэрвісы знаёмстваў «Badoo» і «Bumble», а таксама для рэзервацыі гатэляў і апартаментаў – Airbnb і Booking.

Уладзіслаў Корсак, «Белсат»