Хто ідзе ў дэпутаты: сталі вядомыя кандыдаты на выбары ў Палату прадстаўнікоў


Прызначэнне пад выглядам выбараў. Стала вядома, за якіх кандыдатаў прапануюць беларусам аддаць свой голас 25-га лютага. Тады мае адбыцца адзіны дзень галасавання ў Палату прадстаўнікоў гэтак званага парламенту і мясцовыя саветы дэпутатаў. Ці мае цяперашняя электаральная кампанія асаблівасці і прыкметных удзельнікаў?

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

Амаль тры чалавекі на месца. Такі конкурс на пасаду дэпутата ніжняй палаты парламенту. Цэнтрвыбаркам апублікаваў спіс з 298 чалавек, імёны якіх трапяць у бюлетэні для галасавання 25-га лютага.

«Палата прадстаўнікоў – гэта такая палата пенсіянераў. Яна і раней такой была. Але цяпер у сувязі з утварэннем Усебеларускага народнага сходу, то статус дэпутата палаты прадстаўнікоў яшчэ паніжаецца ў сэнсе нейкіх рэальных паўнамоцтваў рэальных уладных функцыяў», – зазначае палітычны аглядальнік радыё «Свабода» Юрый Дракахруст.

Увайсці ў склад палаты маюць 110 асобаў. І сярод кандыдатаў даволі шмат працаўнікоў з сістэмы Міністэрства ўнутраных справаў: следчых, пракурораў і вайскоўцаў. Бадай, найбольш вядомы – былы намеснік кіраўніка МУС, а цяпер памочнік Лукашэнкі па Менску Аляксандр Барсукоў.

Ён асабліва запомніўся тым, што падчас мірных пратэстаў 2020 года асабіста праведаў затрыманых на Акрэсціна, каб спраўдзіць умовы ўтрымання, пасля публікацыі інфармацыі пра гвалт і катаванні ў засценках менскага Цэнтру ізаляцыі правапарушальнікаў.

«Гэта, як кажуць, такі залаты парашут. Чалавек займае нейкую пасаду, адпрацаваў, магчыма, выгарэў з пункту гледжання самай вышэйшай улады, але проста выкідаць у сметнік нельга, нязручна. І чалавеку даецца такі парашут», – тлумачыць балатаванне ў парламент Барсукова Юрый Дракахруст.

Пра свае амбіцыі заявілі і былы прапагандыст Аляксандр Шпакоўскі, старшыня Федэрацыі прафсаюзаў Міхаіл Орда, дырэктар Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі Вадзім Гігін і старшыня партыі «Белая Русь» Алег Раманаў. Таксама кіраўнік Беларускага Чырвонага Крыжа – Дзмітрый Шаўцоў, які ўжо адбыў падвойны тэрмін дэпутатам.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Паседжанне Палаты прадстаўнікоў.
Фота: belta.by

Праз візіты Шаўцова на акупаваныя тэрыторыі Украіны, датычнасць да вывазу ўкраінскіх дзяцей Міжнародны Чырвоны Крыж прыпыніў сяброўства беларускага падраздзялення ў гэтай арганізацыі. І акурат балатаванне ў дэпутаты можа стацца ракіроўкаю для змены кіраўніка Чырвонага Крыжа, каб вярнуць страчанае фінансавае падтрыманне.

«Калі яны паставяць такую нейтральную, нідзе асоба не “зашкварную” фігуру з супрацоўнікаў, рэгіянальных кіраўнікоў Чырвонага крыжа ці яшчэ каго-небудзь, то, я думаю, не будзе ніякіх прэтэнзіяй у міжнародных арганізацый», – лічыць Аляксей Карпека журналіст-расследавальнік «Бюро Медыя».

Збіраецца ў Палату прадстаўнікоў і цяперашняя міністарка працы і сацыяльнай абароны Ірына Касцевіч. З нечаканых асобаў у спісах – Ігар Сергеенка, старшыня адміністрацыі Лукашэнкі. Ён падаў сваю кандыдатуру на рэгістрацыю ў апошні дзень.

«Напэўна, мяркуецца іншы чалавек на гэтую яго пасаду на кіраўніцтва адміністрацыі, ну, а яго як бы не забылі, добра з ім абыдуцца», – зазначае Юрый Дракахруст.

Прадстаўнікі дэмакратычных сілаў заклікаюць не браць удзелу ў гэтак званых выбарах. А вось арганізацыя «Сумленныя людзі», наадварот, заклікае скарыстаць гэтую магчымасць і далучыцца да ініцыятывы «Актыўны байкот». То бок дасканала патлумачыць блізкім усе акалічнасці гэтае электаральнае кампаніі.

«Гэты перыяд трэба выкарыстоўваць як магчымасць. Усё роўна задача дэмакратычных сіл нават ва ўмовах вось такога моцнага аўтарытарнага рэжыму шукаць магчымасці будаваць грамадзянскую супольнасць унутры Беларусі», – абгрунтоўвае пазіцыю прадстаўнік арганізацыі «Сумленныя людзі» Алег Давыдчык.

Аднак эксперты прадказваюць, што выбары ў Палату прадстаўнікоў адбудуцца без неспадзяванак.

Аляксандр Дзегцяроў, «Белсат»