Абноўленая Вайсковая дактрына: Лукашэнка рыхтуецца да ядравага шантажу?


Лукашэнка змяняе Канцэпцыю нацыянальнай бяспекі і Ваеннай дактрыны Беларусі. Абноўленыя дакументы, у якіх сабраныя погляды на запэўніванне ваеннай бяспекі, мае зацвердзіць гэтак званы Усебеларускі народны сход. Як прыклад вонкавай ваеннай небяспекі Лукашэнка прыводзіць чамусьці не блізкую геаграфічна вайну ва Украіне, а сітуацыю на Блізкім Усходзе.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

Пры гэтым самаабвешчаныя ўлады ў асобе міністра абароны Віктара Хрэніна падкрэсліваюць: нічога глабальнага ў новай дактрыне не зменіцца. Маўляў, «мы міралюбівыя, але для абароны выкарыстаем увесь патэнцыял»:

«Мы дакладна вызначылі і даводзім погляды Рэспублікі Беларусь на прымяненне размешчанай на нашай тэрыторыі тактычнай ядравай зброі».

Як адрэагуе Захад на тое, калі новая дактрына будзе ўтрымліваць «погляды на выкарыстанне ядравай зброі»?

«Заходнія вайскоўцы будуць глядзець на тыя мерапрыемствы, якія патрэбныя для практычнага выкарыстання ядравай зброі. Вось гэта іх будзе цікавіць значна больш, чым нешта ўпісанае ў дактрыне тых дзяржаваў, якія нават не могуць прымаць рашэнні па выкарыстанні гэтай зброі. Але, безумоўна, гэта сведчыць пра тое, што ў цяперашнім моманце нават стратэгічна ў сферы бяспекі Лукашэнка арыентуецца на Расею», – мяркуе рэдактар выдання «Беларускі Штогоднік» Вадзім Мажэйка.

Разам з той жа Расеяй пагрозу на Захадзе бачаць і ў Беларусі. Днямі нямецкае выданне «BILD» са спасылкаю на сакрэтныя дакументы бундэсвэру паведаміла пра планы Крамля атакаваць усходні фланг NATO пры дапамозе Беларусі. Гэта можа адбыцца ў траўні 2025-га. Такі сцэнар нашыя эксперты называюць малаімаверным.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Ядравая зброя.
Фота: mil.ru

«Тое, на што варта звярнуць увагу, – гэта тое, што Расея будзе праводзіць гібрыдныя атакі, Расея будзе выкарыстоўваць палітычныя нестабільнасці, якія будуць і ў краінах Еўразвязу, паколькі нас чакаюць выбары ў некаторых краінах, плюс выбары ў Еўрапарламент», – кажа журналіст Зміцер Міцкевіч.

У самой жа Беларусі мілітарызацыя працягвае пранікаць у школы і вучэльні. Міністэрства адукацыі зацвердзіла праграму факультатыву «Ваенны пераклад» па англійскай мове для вучняў 10-11 класаў. Сярод яго задачаў – «фармаваць прафесійныя навыкі ваеннага перакладчыка» і «атрымаць веды пра структуры Узброеных сілаў ЗША і Вялікай Брытаніі». У тым ліку наведнікі курсу будуць вучыцца перакладаць допыты палонных.

«Ідэя вось такой мілітарызацыі грамадства і прынамсі ўцягнення ў гэта дзяцей, сістэмы адукацыі. Гэта дрэнны званочак. Бо гэта акурат вось адзін з прызнакаў схілення аўтарытарызму да таталітарызму», – зазначае Вадзім Мажэйка.

А ў тэхналагічным універсітэце будуць рыхтаваць спецыялістаў для працы з дронамі. Адметна, што праграму «Праектаванне, будаванне, эксплуатацыя беспілотных сістэмаў» ствараюць паводле метадычак Казанскага тэхнічнага ўніверсітэту імя Тупалева і Маскоўскага авіяцыйнага інстытуту.

Алесь Яшчанка, «Белсат»