«Слова сельмашаўца»: на прадпрыемствах адбываецца ідэалагічны флэш-моб


Ідэалагічны флэш-моб на беларускіх прадпрыемствах. На гомельскіх заводах запісваюць відэаролікі, а на іх рабочыя прысягаюць: будзем працаваць добра, якасна, выканаем план. І даюць слова злінаўца альбо сельмашаўца. У чым сэнс?

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

Прадпрыемствы «Гомсельмаш» і Завод ліцця і нармаляў распаўсюджваюць відэа з прысягаю працаўнікоў. Яны абяцаюць рабіць якасную прадукцыю, захоўваць сям’ю, берагчы дзяржаву.

Днямі падобны ролік выпусціў Менскі трактарны завод. У ім працаўнікі даюць «слово пацана», як у аднайменным расейскім серыяле.

Навошта ж запусцілі гэты ідэалагічны флэш-моб?

«Ім патрэбнае аб’яднанае салідарызаванае грамадства, у патрыятычным духу выхаванае. Цяпер гэтую працу забраў гэты серыял, гэты эфект пайшоў не ў той бок. Гэта непатрыятычна, гэта не па-нашаму, не па-лукашэнкаўску. А вось слова злінаўца, гомсельмашаўца – гэта тое, што трэба», – распавядае блогер Андрэй Павук.

Палітычны блогер Мікалай Маслоўскі кажа, што такі флэшмоб – спроба трапіць у трэнды.

«Як працуюць усе пошукавыя механізмы, YouTube, Telegram? Яны на гэтыя ключы і рабілі “слово пацана”, усе пра яго гавораць, вось яны і знялі гэтыя ролікі».

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: BelarusTractors_official / Telegram

Ідэалагічныя флэш-мобы – і не толькі звязаныя са «словом пацана» – ладзяць школьнікі.

Улады называюць гэта патрыятычным выхаваннем і ствараюць для дзяцей вайскова-патрыятычныя клубы. Іх ужо 52, але абяцаюць больш. Цяпер у гэтыя клубы ходзяць каля трох тысячаў дзяцей.

Паводле палітычнага аглядальніка выдання «Позірк» Аляксандра Класкоўскага, не трэба думаць, што калі нейкі хлапчук ходзіць у вайскова-патрыятычны клуб, ён ужо апрыёры лукашыст.

«Ён сядзіць у інтэрнэце, нягледзячы на ўсе намаганні беларускіх уладаў для абмежавання інтэрнэту, усё роўна ён бачыць розную інфармацыю, і думаю, што рэальнае жыццё, размовы з бацькамі – гэта пераконвае, што не так усё адназначна і што казённыя лозунгі не коцяць».

Эксперт прыводзіць прыклад Савецкага Саюзу: там таксама былі шматлікія вайскова-патрыятычныя клубы, а піянеры давалі слова любіць партыю. Але калі Саюз распадаўся, практычна ніхто не выйшаў яго бараніць.

Дамініка Кунцэвіч, «Белсат»