У Беларуси звальняюць больш, чым бяруць на працу


Амаль шэсцьдзясят пяць з паловаю тысяч асобаў. На столькі працаўнікоў у Беларусі звольнілі за дзесяць першых сёлетніх месяцаў больш, чым узялі на працу. Паводле Белстату, за студзень-кастрычнік працаўладкаваліся больш за 546 тысяч асобаў, а звольніліся – больш чым 612 тысяч.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

«Гэта цалкам адпавядае агульнаму трэнду эканамічнай рэцэсіі, які на макраўзроўні характарызуецца падзеннем валавога ўнутранага прадукту краіны сёлета амаль на 5 %», – кажа эканаміст Віталь Алейнік.

МАЗ. Менскі аўтамабільны завод. Паводле афіцыйных звестак, у 2020 годзе тут працавалі больш за 14 тысяч асобаў. МТЗ. Менскі трактарны – амаль 15 з паловаю тысяч працаўнікоў. Жодзінскі БелАз – больш за 10дзесяць з паловаю тысяч. Такім чынам, на трох прадпрыемствах-флагманах беларускай аўтапрамысловасці агулам працуюць крыху больш за 40 тысяч асобаў. 65 тысяч – лічбы, большыя прынамсі на яшчэ адзін флагман.

«Эканоміка папросту не можа ў цяперашнім стане забяспечыць працоўныя месцы нават у тым абʼёме, што быў яшчэ нават год таму», – зазначае Віталь Алейнік.

Паводле ж афіцыйнай статыстыкі, асноўная прычына, паводле якой звальнялі сёлета працаўнікоў, – не эканамічная. Гэта парушэнні працоўнай дысцыпліны. Вядома, звальненне з працы можа быць такім жа элементам рэпрэсіяў, як і пазбаўленне волі.

«Людзі баяцца выказвацца, хадзіць на сайты. У любы момант ім “прыляціць” у жыццё ў выглядзе звальнення, затрымання, арышту ці крымінальнага пераследу», – лічыць Раман Кісляк, праваабаронца ў «Human rights impact»

Паводле рэспубліканскай базы вакансіяў і рэзюмэ, медычным установам на сёння не стае 6 278 дактароў. Лік вакансіяў увесь час расце. Але палітычна ненадзейных на працу не возьмуць, бо ў Беларусі існуе такое паняцце, як забарона на прафесію, кажа Раман Кісляк.

«Увогуле ўлады, я гляджу, асабліва не «парацца» на гэты конт. Ім важней забяспечыць, каб у арганізацыях былі ўсе лаяльныя, чым нармальнае функцыянаванне медустановаў».

Звольненых – на дзясяткі тысяч больш, чымся працаўладкаваных, але разам з тым Статыстычны камітэт рапартуе, што колькасць занятых у эканоміцы беларусаў нарэшце пасля доўгіх месяцаў павялічылася. За апошні месяц нібыта вырасла на 1200 асобаў.У чым жа логіка?

«Гэта можна цалкам трактаваць як папросту статыстычны выкід, бо для эканомікі важнейшыя не такога кшталту сітуацыйныя лічбы, а трэнды. Сярэднетэрміновыя і доўгатэрміновыя трэнды. А доўгатэрміновы трэнд сведчыць пра дэградацыю рынку працы», – упэўнены Віталь Алейнік.

Паводле эканаміста, пасля 2020 года беларуская эканоміка згубіла больш за сто тысяч працоўных месцаў.

Алесь Яшчанка, «Белсат»