Як Лукашэнка змагаецца з карупцыянерамі?


У Беларусі грыміць малочны скандал: выйшла, што беларускія прадукты пастаўляліся ў Расею праз карупцыйныя схемы. Лукашэнка ўчыніў з гэтае нагоды разнос топ-чыноўнікам, а дзяржаўныя медыі падалі дэталі гучнае справы. Аднак гэта далёка не першы раз, калі самаабвешчаны прэзідэнт гучна абураецца і патрабуе жорстка пакараць вінаватых. Якія, аднак, маюць усе шанцы датэрмінова выйсці на волю.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

Браў хабары грашыма і ікрою, трымаў шмат зброі – дзяржаўнае тэлебачанне паказала ператрус у доме дырэктара кампаніі «Бабушкина крынка» Генадзя Скітава. Карупцыйнай справай абураўся асабіста Лукашэнка.

Паводле КДБ, прадукцыю з малочных прадпрыемстваў адпраўлялі ў Расею з мінімальнай нацэнкай. Там фірмы-пракладкі прадавалі яе ўжо з рынкавымі цэнамі. Даход – да 10 мільёнаў долараў на год – дзялілі кіраўнікі прадпрыемстваў і прадстаўнікі камерцыйных структураў. Частка ішла на хабары.

У 2020 годзе затрымалі «цукровую мафію». Нават развярнулі над Польшчаю беларускі самалёт і пасадзілі ў Горадні, каб схапіць на борце шэраг падазраваных. Схема аналагічная: беларускі цукар танна прадаваўся расейскай фірме і рэалізоўваўся ёю за рынкавыя цэны. Даходы – у кішэні ўдзельнікаў. І зноў Лукашэнка даваў перуноў.

Летась прагрымела «справа дактароў». Затрымалі сама меней трыццаць пяць артапедаў. Яны нібыта пераконвалі пацыентаў ставіць імпартныя пратэзы і атрымлівалі за гэта хабары ад іх вытворцаў. І тут луналі бязлітасныя пагрозы ад Лукашэнкі.

Вялікія карупцыйныя справы – вялікія, як на нашыя беларускія ўмовы – гучна грымяць у медыях. А датэрмінова вызваляюць іх фігурантаў без лішняга шуму. Сёлета выйшаў на волю фігурант Міхаіл Крыштаповіч, які атрымаў 13 гадоў у «цукровай справе». І былы міністр лясной гаспадаркі Віталь Дрожжа – яму далі 6,5 гадоў за карупцыю. Абодва ўжо маюць новую працу. Навошта тады было ўвогуле саджаць?

«Першае – гэта калі чалавек выходзіць за пэўныя межы і пачынае красці зашмат. Па-другое, гэта правяранне на лаяльнасць», – тлумачыць палітолаг, былы працаўнік адміністрацыі Лукашэнкі Анатоль Котаў.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Белсат

Калі за кратамі карупцыянер застаецца лаяльным, яго вызваляюць. Але якія прычыны карупцыі? Паводле Анатоля Котава, у кіраўнікоў дзяржпрадпрыемстваў малая свабода дзеянняў і вялікая імавернасць сесці: напрыклад, за невыкананне паказнікаў.

«Гэта ўсё вымушае людзей або не станавіцца на такія пасады, бо нармальна функцыянаваць у гэтым усім немагчыма, або ператварацца ў шрубку карупцыйнай сістэмы і шукаць нейкага выйсця для самога сябе», – кажа Анатоль Котаў.

Карупцыя – падмурак створанай Лукашэнкам сістэмы, мяркуе Анатоль Котаў. Навошта тады публічныя разносы?

«Лукашэнка раз за разам хоча адыгрываць ролю народнага прэзідэнта, які ратуе гэты самы народ ад гнілых карумпаваных элітаў», – мяркуе эксперт «MediaIQ» Паўлюк Быкоўскі.

Антыкарупцыйную рыторыку Лукашэнка выкарыстоўвае яшчэ са сваёй першай перадвыбарчай кампаніі. З ягонай падачы старшыня Вярхоўнага Савету Беларусі Станіслаў Шушкевіч страціў пасаду праз абвінавачанне ў карупцыйным прысабечванні скрыні цвікоў.

«Гэта тое, што чыноўнікам падабаецца – рабіць усё паводле старых схемаў. Наколькі яны эфектыўныя? Уладу ён яшчэ не згубіў – значыць, эфектыўныя», – мяркуе Паўлюк Быкоўскі.

З нагоды цяперашняе малочнае справы Лукашэнка гразіў ураду і асабіста прэм’еру Раману Галоўчанку. Пабачым, ці прывядзе карупцыйны скандал да перастановак сярод топ-чыноўнікаў.

Валянцін Васіленка, «Белсат»