Што носіць Лукашэнка і ў што апранае свайго малодшага сына?


Апранацца больш сціпла і ў айчынныя рэчы заклікае Лукашэнка. Ён апелюе і да моладзі.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

«Апрануцца ўся наша моладзь хоча, ух, як! Я, прэзідэнт, так не апранаюся, як некаторыя звычайныя маладыя людзі. Называюць гэтыя імпартныя брэнды ды іншае. Я такіх не чуў, а калі і чуў, то толькі за імя шалёныя грошы там плацяць. Але нашыя ж нармальна ўжо шыюць. Не! Трэба там!» – кажа Лукашэнка.

Пры тым малодшы сын Лукашэнкі, які вучыцца ў ВНУ, акурат не грэбае заходнімі брэндамі. Гэтак, на адзін з хакейных матчаў ён прыйшоў у футболцы ад «Stone Island» за 180 еўраў. Каб купіць такую, студэнту-выдатніку прыйшлося б адкласці тры месячныя стыпендыі. Выдатнік на біяфаку БДУ атрымлівае 208 рублёў на месяц. Гэтыя звесткі ёсць у адкрытым доступе.

І гэта не адзіная брэндавая рэч у гардэробе юнака. Ён носіць майкі ад «Under Armour» і «Marc O’Polo» – каштуюць яны 50 еўраў кожная.

Сам Лукашэнка, які нібыта не носіць фірмовага, мае ў сваім гардэробе адзенне класу люкс. Нядаўна ён наведваў Узбекістан у французскім бомбэры.

«Можна паглядзець па фатаграфіі, дзе ён апрануты ў бомбэр вядомага французскага брэнду “ZILLI”, які вырабляе люксавае мужчынскае адзенне. Прыкладна такі бомбэр у маскоўскім ЦУМе будзе каштаваць каля пяці тысяч еўраў», – кажа стылістка, іміджмэйкерка Наталля Рабчук.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Лукашэнка на лыжах у Раўбічах.
Фота: t.me/pul_1

На лыжах Лукашэнка таксама ездзіць у экіпіроўцы замежнай вытворчасці. Гэта касцюм брэнду «DESCENTE». Гэта тэхналагічны японскі брэнд, які спецыялізуецца на вытворчасці гарналыжнага адзення спартовага люксу. І, паводле Наталлі, кошт такога камплекту поўнага будзе складаць каля 3700 еўраў.

Дзелавыя касцюмы Лукашэнкі шыюць з італьянскіх тканінаў у чыноўніцкім атэлье «LineA». Свае гарнітуры ён дапаўняе швейцарскімі гадзіннікамі ад «Patek Philippe». Каб набыць такія, трэба заплаціць каля 17 тысяч еўраў.

І нават абутак айчыннай вытворчасці дыктатар змяніў на італьянскі. Ягоныя красоўкі – ад знакамітай элітнай маркі «H D S N Baracco». Пара з падэшваю «Vibram», што зніжае стомленасць ног, каштуе каля 390 еўраў.

Кацярына Гардзеева, «Белсат»