Ціханоўская абараняе беларусаў Літвы


Іх прымусілі пакінуць дом – за супраціў дыктатуры і «рускаму міру». А ў замежжы ў іх цяпер бачаць прадстаўнікоў русіфікацыі і шпіёнскую пагрозу. Беларусы, што жывуць у Літве, патрабуюць дапамогі ў легалізацыі, бо ім пагражаюць новыя абмежаванні. Сёння ў літоўскім Сейме абраная прадстаўніца Беларусі ў складзе дэлегацыі грамадскіх дзеячаў паспрабавала дамовіцца з літоўскімі дэпутатамі, каб нашых суграмадзянаў не раўнялі з расейцамі.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

Сёння ў Сейме Літвы выступала абраная прэзідэнтка Беларусі. На слуханнях аб прававым статусе беларусаў Святлана Ціханоўская пераконвала дэпутатаў з Камітэту замежных справаў не прыраўноўваць беларусаў да расейцаў, як гэтага просіць парламенцкі Камітэт бяспекі і абароны. Адпаведныя прапановы аб абмежаванні выдачы віду на жыхарства беларусам былі зарэгістраваныя ў Сейме на пачатку месяцу.

«Нам, палітыкам, трэба ўводзіць у жыццё тое, што мы прымаем. А мы прынялі ў пачатку лета рэзалюцыю ў дэмаграфічнай палітыцы. І там ёсць сур’ёзныя ўстаноўкі, якія Літва мусіць рэалізаваць», – адказаў на пытанні літоўскіх журналістаў старшыня Камітэту будучыні ў Сейме Літвы Раймундас Лапата.

Некаторыя літоўцы хвалююцца, што ў іх зноўку павялічваецца колькасць расейскамоўных. Да менш чым трохмільённага насельніцтва дадаліся ўцекачы з Украіны, але таксама эмігранты з Расеі і з Беларусі. Нашых суайчыннікаў тут амаль 70 тысячаў.

«Можа быць, Лукашэнка зможа выкарыстаць гэтую масавую плынь, каб у Літву праніклі ягоныя агенты. Таму мы хвалюемся і мусім зрабіць усё, каб нашыя службы мелі ўсе інструменты», – тлумачыць намеснік старшыні Камітэту замежных справаў у Сейме Літвы Гіедрус Сурпліс.

Святлана Ціханоўская на слуханнях падзякавала Сейму, ураду і літоўскаму народу за дапамогу беларусам у цяжкія часы. І прапанавала дапамогу беларускіх дэмакратычных сілаў.

«Канешне, мы разумеем, што ёсць засланыя КДБ і рэжымам Лукашэнкі людзі. Але ж мы мы прапаноўваем нашую дапамогу ў верыфікацыі гэтых людзей. Гэта не тое месца, дзе адразу будуць вынікі, але нас пачулі, у нас шмат сяброў у літоўскім сейме. І насамрэч першая група “За дэмакратычную Беларусь” была створаная менавіта тут 18 гадоў таму», – заявіла абраная прэзідэнтка Беларусі.

Ціханоўская нагадала пра беларускіх добраахвотнікаў на фронце ва Украіне, пра палітвязняў, што пратэставалі супраць вайны летась, і пра партызанскі рух у Беларусі. Анатоль Лябедзька нагадаў пра літоўцаў з прарасейскай пазіцыяй, якія слухаюць крамлёўскую прапаганду і карыстаюцца бязвізам Лукашэнкі.

«І яны мне ўзахлёб расказвалі, як яны цудоўна з’ездзілі ў Беларусь. Якія там класныя дарогі, танная гарэлка. Я спытаў: а як вы туды трапілі? Кожную нядзелю едуць аўтобусы літоўскіх турфірмаў», – распавёў пра сустрэчу з літоўскімі «ватнікамі» дарадца Святланы Ціханоўскай у парламенцкай супрацы Анатоль Лябедзька.

Ціханоўская на сустрэчы з беларусамі Нямеччыны
Здымак мае ілюстрацыйны характар. Святлана Ціханоўская на сустрэчы з беларусамі. Берлін, Нямеччына. 7 лістапада 2023 года.
Фота: прэс-служба Святланы Ціханоўскай

Таксама беларуская дэлегацыя падкрэсліла беспадстаўнасць закідаў аб пагрозе «літвінізму», якія час ад часу зʼяўляюцца ў літоўскім грамадстве, што нібыта беларусы маюць тэрытарыяльныя прэтэнзіі на Вільню. Гэта не так.

«Я думаю, што гэта таксама праца спецслужбаў Беларусі, каб пасварыць народы Беларусі і Літвы. Бо Літва вельмі моцна падтрымлівае нашыя дэмакратычныя жаданні», – кажа абраная прэзідэнтка Беларусі Святлана Ціханоўская.

Камітэт замежных справаў Сейму Літвы пагадзіўся падтрымаць прапанову аб выдачы на 3 гады гуманітарнага віду на жыхарства беларусам, што ўцяклі ад рэпрэсіяў. Але рашэнне яшчэ разгледзіць увесь Сейм.

«Мы падтрымліваем і будзем падтрымліваць вашую барацьбу за незалежнасць і дэмакратыю. І будзем падтрымліваць людзей, якія бягуць ад рэпрэсіяў, цярпяць ад іх», – заявіў пасля перамоваў Гіедрус Сурпліс.

У інтэрвʼю «Белсату» Ціханоўская падкрэсліла: самі беларусы ў Літве мусяць паказаць, што яны не «рускамірцы». Не зацягваць з падачай міграцыйных дакументаў, праводзіць сумесныя імпрэзы з літоўскімі арганізацыямі. Вучыць літоўскую мову, а між сабой размаўляць лепш па-беларуску, а не па-расейску.

Яраслаў Сцешык, «Белсат»