Экспарт з ЕЗ у Беларусь расце


Экспарт з Еўразвязу ў Беларусь расце, нягледзячы на санкцыі. За дзевяць месяцаў гэтага года нашая краіна купіла прадукцыі з Еўропы на агульную суму 5 мільярдаў і 850 мільёнаў еўраў. Асноўныя гандлёвыя партнёры ў Еўразвязе – Польшча, Нямеччына, Літва.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

Летась за аналагічны перыяд Беларусь нагандлявала з Еўразвязам на меншую на адзін мільярд і 650 мільёнаў еўраў суму. Паказнікі папярэдніх гадоў таксама ніжэйшыя, чым сёлета.

«Беларусь з’яўляецца такім хабам для Расейскай Федэрацыі. Усё тое, што Расея не можа купіць наўпрост у Германіі, Польшчы, яна купляе праз Беларусь, – разважае бізнесовец, вядоўца праграмы «Атма$фера» Аляксандр Кныровіч. – Таму з Расеяй у Беларусі ёсць збалансаванае гандлёвае сальда, а вось з Еўразвязам адбываецца тое, чаго не было раней. Мы бачым некалькі мільярдаў адмоўнага сальда».

Асноўныя пазіцыі экспарту з Еўразвязу ў Беларусь – транспартавыя сродкі і дэталі для іх. Як быццам, нічога дзіўнага, каб не адзін нюанс. Экспарт у Беларусь моцна вырас менавіта за кошт транспартавых сродкаў з колькасцю пасажыраў да 10-ці асобаў. Іх летась закупілі амаль на два мільярды еўраў. За адпаведныя перыяды мінулых гадоў гэты паказнік быў ніжэйшы ў некалькі разоў. Згодна з нядаўнім расследаваннем праекту «Бюро», машыны з Еўразвязу набываюць фірмы, звязаныя з рэжымам Лукашэнкі. Купляюць, каб потым таксама прадаць у Расею. Таксама вырас і продаж прадуктаў хімічнай вытворчасці з Еўразвязу ў Беларусь.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Літоўска-беларуская мяжа.
Фота: Пограничный комитет Беларуси / Telegram

«Расея ўзняла ваенны блок, вырабляе зброю. Але не вельмі добра ідуць справы з замяшчэннем нейкіх прадуктаў з бытавой хіміі», – кажа дарадца Асацыяцыі беларускага бізнесу за мяжой Яраслаў Кот.

Яраслаў Кот звяртае ўвагу на этычны бок гандлю еўрапейскага бізнесу з бізнесамі, наўпрост звязанымі з рэжымам Лукашэнкі і апасродкавана – з пуцінскім рэжымам:

«Праблема палітыкаў і бізнесоўцаў. Бізнесоўцы жадаюць рабіць бізнес з тымі, у каго ёсць грошы і яны ўплываюць на палітыкаў. Ідзе вайна, і Еўропа ў стане вайны, але яны спрабуюць жыць быццам нічога няма».

У Еўразвязу Беларусь купляе тавараў на значна большыя сумы, чым раней. А вось з экспартам з Беларусі назіраем адваротную сітуацыю – ён моцна знізіўся. Выглядае, у гэтым кірунку заходнія санкцыі ўсё ж працуюць.

«Беларусь страціла еўрапейскі рынак, – разважае Аляксандр Кныровіч. – Былі продажы нафтапрадуктаў, цяпер іх амаль няма. Па-другое, была сыравіна, драўніна ці вырабы з яе. Сёння мы не бачым гэтага вялікага патоку, але бачым, што ён ідзе праз іншыя краіны».

Зрэшты, Аляксандр Кныровіч называе гэтыя спробы абыходу не надта ўдалымі. Гэта іншыя абʼёмы продажаў, а таксама неабходнасць дзяліцца грашыма з трэцім бокам.

Ян Федаровіч, «Белсат»