Яе звалі Ліза: у Варшаве развіталіся з беларускай, што стала ахвярай гвалту


На Паўночных могілках Варшавы сёння развіталіся з беларускай Лізаветай, якая загінула ад рук забойцы-гвалтаўніка. На пахаванне прыйшлі не толькі беларусы Варшавы, але і ўкраінцы, палякі, усе, каго страшная трагедыя не пакінула абыякавым.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

Белая труна, белае адзенне персаналу пахавальнай залы, белыя кветкі. Гэты колер выбралі на просьбу сваякоў дзяўчыны. На развітанне прыйшлі сотні людзей, якіх узрушыў ейны трагічны лёс. Пасля цырымоніі ў зале жалобная працэсія кіруецца да месца апошняга спачыну.

Лізавета стала ахвярай гвалтаўніка. Мужчына ў масцы кінуўся на яе, прыставіў нож да шыі і адцягнуў да суседняй брамы. На дапамогу ніхто не прыйшоў.

Трагедыя адбылася ў самым цэнтры Варшавы 25-га лютага, калі Лізавета пешшу вярталася раніцаю дадому. Людзі дасюль нясуць сюды кветкі і знічы. На плакатах беларуская, украінская, расейская, польская, англійская мовы. Смерць беларускі, згвалтаванай і задушанай у цэнтры польскай сталіцы, узрушыла не толькі беларускае грамадства. Шакаваныя былі і палякі.

«Яна прыехала ў Польшчу шукаць бяспекі, але была згвалтаваная і забітая», – пішуць у сацыяльных сетках.

«25 гадоў – гэта толькі пачатак жыцця. І вельмі шкада, што яно так абарвалася. Наколькі мне вядома, Ліза ўцякала ад рэжыму ў Беларусі, але трагічна загінула тут. Злых людзей хапае, на жаль, усюды», – падзяліўся з намі журналіст Зміцер Лупач.

«Кожная з нас, з палітычных уцякачак, з рэпрэсаваных беларусак магла трапіць на месца Лізы, у такую сітуацыю. Гэта вельмі страшна, калі з аднаго гвалту, хаваючыся, ратуючы сваё жыццё і сваіх блізкіх, ты можаш трапіць у іншы», – распавяла паэтка, аўтарка праекту «Беларус беларусу» Валярына Кустава.

Развітанне з беларускай Лізай на Паўночных могілках (Północny cmentarz) у Варшаве, Польшча. 14 сакавіка 2024 года.
Фота: Анастасія Дубровіна / Белсат

Медыкі змагаліся за жыццё Лізы, але ўратаваць яе не ўдалося. Меркаванаму нападніку пагражае пажыццёвы тэрмін. У польскім Міністэрстве юстыцыі настойваюць на ўзмацненні пакарання за зґвалтаванне. У парламенце на гэтую тэму ўжо ідуць дэбаты. На марш супраць ґвалту, што адбыўся ў Варшаве пасля смерці Лізы, прыйшлі тысячы людзей розных нацыянальнасцяў.

«Усім гэта балела. Жанчыны баяліся вечарамі хадзіць, мужчыны думалі, што яны могуць зрабіць у гэтай сітуацыі. І беларускае грамадства нібы зноў аб’ядналася вакол гэтай трагедыі», – распавяла Валярына Кустава.

На лекаванне дзяўчыны, калі яшчэ заставалася надзея, сабралі ахвяраванняў больш як на паўмільёна злотых – прыблізна 140 тысячаў долараў. Потым гэтаксама – талакою – збіралі грошы на пахаванне.

Андрэй Сульжыц, «Белсат»