МЗС Украіны ад каментароў адмовілася


Адкрыццё беларускага консульства ў Растове-на-Доне, які залучыць у сваёй дзейнасці і акупаваныя тэрыторыі Украіны, у Міністэрстве замежных справаў краіны нашаму тэлеканалу каментаваць адмаўляюцца. Афіцыйны запыт «Белсат» дасылаў двойчы – у снежні, калі толькі стала вядома пра гэткія планы, і студзені.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

«Мы пачалі званіць у прэс-службу, цікавіцца лёсам запытаў – і першага і другога. Яны сказалі, што першага запыту не атрымалі, другі атрымалі і рыхтуюць адказ, калі ён будзе – незразумела. Мы так званілі тыдзень, другі і трэці, ніякіх адказаў не было», – распавядае кіраўнік прадстаўніцтва «Белсату» ва Украіне Ілля Суздалеў.

Не далі вынікаў і спробы атрымаць каментар ад Ігара Кізіма – былога амбасадара ў Беларусі, а цяпер адмысловага прадстаўніка ў Міністэрстве замежных справаў Украіны ў пытаннях Беларусі.

«Спадар Кізім нам адказаў на званок, але сказаў, што каментаваць цяпер ён не можа, а гатовы зрабіць гэта, калі адкрыццё консульства ў Растове-на-Доне ўжо адбудзецца. А цяпер сказаць яму аб гэтым пытанні, на жаль, няма чаго», – кажа Ілля Суздалеў.

Новае Генеральнае консульства Беларусі ў Расеі пачне працу не пазней за ліпень гэтага года, што вынікае з пастановы Савету Міністраў Беларусі. Пры гэтым зачыніцца аддзяленне амбасады Беларусі ў Растове-на-Доне.

«Хутчэй за ўсё гэта агульная згода, якая была дасягнутая паміж Расеяй і рэжымам Лукашэнкі, каб перафарматаваць аддзяленні пасольстваў Беларусі на тэрыторыі Расеі ў генеральныя консульствы, якія будуць займацца і пытаннямі консульскімі, грамадзянаў Беларусі і ў тым ліку працягваць займацца гандлёва-эканамічнымі адносінамі», – тлумачыць былы дыпламат Павел Латушка.

Консульская акруга залучыць Растоўскую і Валгаградскую вобласці Расеі. А таксама акупаваныя часткі Запарожскай і Херсонскай вобласці Украіны, анексаваны Крым, гэтак званыя ДНР і ЛНР. Каб атрымаць на гэта згоду, Беларусь мела даслаць адпаведную ноту Расеі. Але зацікаўлены бок тут і Украіна.

Государственный флаг Беларуси, красно-зеленый флаг
Здымак мае ілюстрацыйны характар. Беларускі дзяржаўны сцяг. Менск, Беларусь. 20 лютага 2022 года.
Фота: Белсат

«У адпаведнасці з артыкулам сёмым Венскай канвенцыі, рускі консул можа ажыццяўляць консульскія функцыі на тэрыторыі трэцяй краіны, калі трэцяя краіна не выказала яўнага пярэчання на ажыццяўленне дзейнасці консульства, консульскіх функцыяў беларускім консулам на тэрыторыі сваёй краіны», – кажа Павел Латушка.

Такім чынам, Украіна мае законнае права апратэставаць дзеянне беларускага консульства на сваёй тэрыторыі. Але чамусьці не робіць гэтага. Адною з прычынаў малодшы аналітык рады вонкавай палітыкі «Украінская прызма» Паўло Радзь называе адсутнасць беспасярэдніх дыпламатычных каналаў паміж нашымі краінамі:

«Украінскага пасла няма ў Беларусі, таму беспасярэдніх механізмаў доступу нашай дыпламатыі ў палітычныя кабінеты Беларусі папросту няма. Якая-кольвек камунікацыя ва ўмовах ваеннага часу перадаецца закрытымі каналамі. І данясенне пэўных мэсіджаў таксама вядзецца закрытымі каналамі праз сілавікоў».

На думку эксперта, падыход Украіны да ўзаемадзеяння з Беларуссю базуецца пераважна на закрытых кулуарных дамоўленасцях, пра якія не ведаюць ні шырокая публічнасць, ні аналітыкі.

«Такія спробы прайсці паміж кропель і знайсці механізмы ўплыву на Беларусь, каб яна не ўжывала агрэсіўных дзеянняў у дачыненні Украіны і адначасова празмерна не збліжалася з Расейскаю Федэрацыяй», – кажа Паўло Радзь.

Таму і прызначэнне Ігара Кізіма адмысловым прадстаўніком у пытаннях Беларусі можа быць удалым крокам, што прывядзе да станоўчых вынікаў, мяркуе наш суразмоўца.

Ірына Дарафейчук, «Белсат»