«Добра ставіцца да Беларусі». Ігар Кізім прызначаны амбасадарам з адмысловай функцыяй


МЗС Украіны прызначыла амбасадара для асаблівых даручэнняў у справе Беларусі. Ім стаўся Ігар Кізім – былы амбасадар Украіны ў Менску. Што азначае новае прызначэнне, і якія абавязкі возьме на сябе амбасадар?

Амбасадар Украіны ў перыяд добрых міждзяржаўных дачыненняў. У час іх абвастрэння ў 2020-ым годзе, калі лукашэнкаўскія памежнікі аглядалі дыпламатычную машыну, парушаючы Венскую канвенцыю. І падчас вайны рэальнай, якую Расея распачала з нашай тэрыторыі. Цяпер Ігар Кізім – ізноў амбасадар, але не ў Беларусі, а для асаблівых даручэнняў у справе Беларусі. Пра гэта дыпламат напісаў у Facebook:

«У пералік маіх абавязкаў, сярод іншага, уваходзяць пытанні, звязаныя з дэмакратычнымі сіламі Беларусі як часткаю беларускага грамадства, якая выступае супраць палітыкі цяперашняга кіраўніцтва Беларусі, асабліва ў справе падтрымання расейскай вайсковай агрэсіі супраць Украіны».

Ігар Кізім быў амбасадарам у Менску з 2017-га да 2023-га года. Яго адклікалі ў Кіеў пасля сустрэчы Аляксандра Лукашэнкі з кіраўніком «ДНР» Дзянісам Пушыліным.

Цяпер афіцыйны Кіеў пайшоў услед за іншымі еўрапейскімі краінамі. Раней пасады спецпрадстаўнікоў у справе Беларусі ўвялі Польшча, Літоўская Рэспубліка, Эстонія і Швецыя. У беларускіх дэмакратычных сілах з надзеяй успрынялі навіну пра новае прызначэнне Ігара Кізіма.

«Ён служыў у арміі тэрміновую службу ў Барысаве ў Печах, вельмі добра ставіцца да Беларусі і беларусаў ды разумее тую сітуацыю, якая ёсць у Беларусі. Лічу, што гэта самы пісьменны чалавек па Беларусі», – кажа Генадзь Манько, кіраўнік Місіі дэмакратычнай Беларусі ў Кіеве.

Ігар Кізім можа дапамагчы развязаць праблемы. Найбольшы запыт ад беларусаў ва Украіне – гэта легалізацыя і разблакаванне банкаўскіх рахункаў, зазначае Генадзь Манько. Дырэктар украінскага Інстытуту сусветнай палітыкі, палітолаг Яўген Магда, які першы публічна прапанаваў увесці пасаду спецпрадстаўніка ў справе Беларусі, засцерагае ад заўчаснага аптымізму:

«Ад аднаго толькі прызначэння зменаў адразу не адбудзецца. Думаю, што Ігар Кізім як дасведчаны дыпламат спачатку збярэ неабходную інфармацыю, а потым сфармулюе, што ён можа зрабіць».

Сярод пытанняў – ідэя абмену палітычных вязняў на ваеннапалонных беларусаў ва Украіне, якія ваявалі на баку Расеі.

«Пан Ігар Кізім фактычна асабіста ўручаў Дзянісу Івашыну пасведчанне замежнага ўкраінца, ён ведае, што Дзяніс мае такі піетэт да Украіны», – зазначае Вольга Івашына, жонка палітзняволенага журналіста Дзяніса Івашына.

Летась падчас канферэнцыі «Шлях да волі», якую зарганізаваў полк Каліноўскага, Ігар Кізім вельмі асцярожна пракаментаваў гэтую ідэю:

«На сёння я такой магчымасці не бачу, хаця, канечне, могуць быць пэўныя пагадненні, штосьці ў асобным парадку».

Палітолаг Яўген Магда звяртае ўвагу, што амбасадар Ігар Кізім можа весці размову як з прадстаўнікамі рэжыму, гэтак і дэмакратычных сілаў Беларусі:

«Гэтае прызначэнне азначае, што афіцыйны Кіеў вызнаў наяўнасць трыкутніка Кіеў – Менск – беларускія дэмакратычныя сілы. І цяпер за палітыку ў справе Беларусі будзе афіцыйна вызначаны чыноўнік».

Разам з тым, палітолаг не выключае перспектывы разрыву дыпламатычных стасункаў паміж Украінай і Беларуссю. Прычынаю можа стацца планаванае адкрыццё рэжымам консульства ў расейскім Растове-на-Доне, якое, імаверна, будзе абслугоўваць акупаваныя Расеяй украінскія тэрыторыі.

Вітаўт Сіўчык, «Белсат»