За няправільнае карыстанне піратэхнікай пагражае адказнасць


Да 10-ці гадоў пазбаўлення волі – за няправільнае выкарыстанне піратэхнікі. У якім выпадку запуск петардаў і феерверкаў можа скончыцца не проста штрафам за дробнае хуліганства?

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

Нязменны атрыбут навагодніх святаў – піратэхніка. Паводле закону, нельга запускаць петарды і феерверкі ў дварах, паблізу лініяў электраперадачаў, дамоў, у месцах збору людзей.

За парушэнне гэтых правілаў могуць пакараць штрафам – да тысячы ста дзесяці беларускіх рублёў ці адміністратыўным арыштам. Калі праз неналежнае выкарыстанне піратэхнікі нанесеная шкода здароўю або маёмасці – выпадак кваліфікуюць як крымінальнае злачынства. Гэтак, летась за навагоднюю ноч апёкі атрымалі шэсць чалавек.

Педыятр Мая Церакулава кажа, што калі апёк нават першай стадыі, але больш чым 9 адсоткаў цела – крыху больш за далонь, гэта нагода звяртацца па медычную дапамогу.

«Апёк другой, трэцяй, чацвёртай ступені – заўсёды нагода звяртацца ў медычную ўстанову. Калі гэта ампутацыя, то гэта вялікая страта крыві – накладаем жгут».

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: «Минск-Новости» / minsknews.by

Цярпяць ад піратэхнікі не толькі людзі. Выбухі і стрэлы выклікаюць стрэс у хатніх гадаванцаў і дзікіх жывёлінаў ды птушак. Як кажа галоўная рэдактарка «Uanimals» Людміла Смоляр, гучныя гукі для дзікіх жывёлінаў могуць за некалькі секундаў стаць прычынаю смерці. А гаспадарам хатніх жывёлінаў яна раіць на вуліцы ў час, калі ўзрываюць петарды, не спускаць з павадка сваіх гадаванцаў, бо ад гучных гукаў яны палохаюцца і могуць уцячы.

Паводле заканадаўства, піратэхніку можна выкарыстоўваць толькі асобам, старэйшым за 16 гадоў, а купляць яе трэба ў спецыяльна прызначаных месцах. Прадукцыя мусіць мець адпаведныя сертыфікаты.

Дамініка Кунцэвіч, «Белсат»