Польшча робіць больш жорсткімі візавыя правілы


Парабіць справы, наведаць родных, якіх даўно не бачыў, або проста паехаць у падарожжа. Прычыны, з якіх беларусы жадаюць выбрацца за мяжу, – розныя. Але магчымасцяў атрымаць візы ўсё менш. Цяпер нам будзе больш складана аформіць польскую дзелавую візу. З 13-га лістапада сталі больш жорсткімі патрабаванні. Што рабіць, на што арыентавацца, каб атрымаць візу ў Еўропу?

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

У польскіх консульствах пры падачы на шэнгенскую дзелавую візу цяпер дзейнічаюць новыя патрабаванні. Запрашэнне, якое пацвярджае мэту паездкі, неабходна зарэгістраваць у рэестры аднаго з ваяводстваў. Іншы варыянт – сапраўднасць подпісу асобы, якая запрашае, давядзецца заверыць у польскага натарыуса.

Як кажа кіраўнік маніторынгавага праекту «visastat.online» Аляксандр Лібер, гэта ўскладніць працэдуру з пункту гледжання часу і непасрэдна саміх дзеянняў, якія трэба зрабіць для таго, каб выканаць гэтую задачу.

Дзелавая віза робіцца для паездак работнікаў беларускай арганізацыі ў камандзіраванне ў партнёрскую ўстанову. Да ўвядзення новых патрабаванняў такі тып візы быў папулярны, бо не складаны ў афармленні. Паводле словаў Аляксандра Лібера, імаверна працэдуру змяняюць пасля нядаўняга візавага скандалу ў Польшчы.

Так, у жніўні Еўрастат паведаміў, што Польшча выдала больш за 700 тысяч дазволаў на працу замежнікам, заняўшы паводле гэтага параметру першае месца сярод краінаў Еўразвязу. У выніку ўлады Польшчы пачалі правяранне. У справе можа быць замяшаны буйны візавы пасярэднік «VFS Global», які працуе ў тым ліку і ў Беларусі.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Польская віза. Менск, Беларусь. 1 верасня 2022 года.
Фота: Белсат

Як кажа старшыня Беларускага дома ў Варшаве Алесь Зарэмбюк, менавіта адсутнасць ранейшай лёгкасці ў атрыманні шэнгенскай візы спарадзіла з’яўленне шэрай сферы, на якой зарабляюць махляры.

«Да таго ж даступнасць візаў давала магчымасць беларусам больш падарожнічаць па Еўропе і бачыць узровень жыцця. І тое, што гэтыя правілы становяцца больш жорсткімі ў атрыманні візаў, не грае на карысць дэмакратычнай супольнасці, на карысць беларускага грамадства, і гэта адштурхоўвае беларусаў ад таго, каб у будучыні абраць еўрапейскі шлях».

Але большую праблему эксперты бачыць не ў зборы неабходнага пакету дакументаў на канкрэтны тып візы, а ў магчымасці запісацца на яе падачу. Прычым у візавыя ўстановы не толькі Польшчы. Гэтак, Нямеччына выдае візы нярэдка на працяглы тэрмін, але запісацца можна толькі на паўгода наперад. Грэцыя, напрыклад, у нетурыстычны сезон у сарака адсотках выпадкаў у візе адмаўляе.

Дамініка Кунцэвіч, «Белсат»