Да 15 лістапада трэба заплаціць маёмасныя падаткі


Маеце ва ўласнасці аўтамабіль, зямлю ці нерухомасць – мусіце за гэта заплаціць. Два дні засталося ў беларусаў, каб разлічыцца за тры так званыя маёмасныя падаткі. І ў дачыненні транспартавых сродкаў адбыліся змены. Аплата датычыць таксама ўладальнікаў скутараў, мотакалясак, квадрацыклаў, мапедаў.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

«Мэта – як мага больш прыцягнуць людзей да выплаты гэтага падатку, каб яны адчувалі залежнасць ад дзяржавы. Да прыкладу, усе гэтыя мотакаляскі могуць быць 50-гадовай даўнасці і не выкарыстоўвацца, але быць на ўліку», – кажа эканаміст Аляксей Харкевіч.

За мотакаляску, як і за скутар ці мапед, давядзецца заплаціць 41 рубель. За аўтамабіль вагою да паўтары тоны падатак складае 61 рубель, а да дзвюх тонаў – 102 рублі. За цяжэйшыя аўты плата складзе ад 122 да 223 рублёў. Варта памятаць, што гэты падатак мы цяпер плацім за мінулы, 2022-гі год. Як і падаткі на зямлю і нерухомасць, у тым ліку падатак на першую кватэру, якога раней не было і які складае ад 15 да 50 рублёў у залежнасці ад размяшчэння і памеру жытла.

«Гэтыя маёмасныя падаткі, яны ў нас яшчэ маленькія. Ёсць краіны, дзе яны значна большыя, але там і насельніцтва значна багацейшае, ёсць з чаго плаціць», – кажа прадпрымальнік, блогер, вядоўца праграмы «Атмасфера» на «Белсаце» Аляксандр Кныровіч.

Для беларускага ж бюджэту гэтыя зборы не маюць вялікага значэння. Бо ў тыя ж дарогі ўкладаюцца болей, чым збіраюць праз падаткі.

«Цалкам беларускі бюджэт без уліку пенсійнага фонду – гэта каля 13 мільярдаў долараў. Гэтыя падаткі на маёмасць, а таксама на аўтамабілі складаюць некалькі соцень мільёнаў долараў», – кажа Аляксандр Кныровіч.

Агулам паводле Міністэрства падаткаў і збораў маёмасныя падаткі павінныя заплаціць прыкладна тры з паловаю мільёны жыхароў нашай краіны. На дзень 8-га лістапада аплочаныя ўжо больш за 70 адсоткаў. Спавешчанні разносілі ў паштовыя скрынкі, інфармацыю пра неабходнасць аплаты таксама можна знайсці ў Адзінай разліковай інфармацыйнай прасторы (АРІП). Праз гэтую ж сістэму можна і заплаціць падаткі з дапамогай інфакіёскаў, мабільных дадаткаў або інтэрнэт-банкінгу. Або – па-старому, на пошце ці ў аддзяленні банку.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: katemangostara / Freepik

Ёсць у маёмасных падатках ільготы. Так, падатак на першую кватэру не мусяць плаціць людзі з інваліднасцю 1-й і 2-й групаў, пенсіянеры паводле ўзросту, няпоўнагадовыя, а таксама шматдзетныя сем’і.

Уладальнікам жа дарагіх аўтаў трэба рыхтаваць больш грошай. Паводле зменаў у Падатковы кодэкс, прынятых днямі ў першым чытанні, уладальнікі новых аўтамабіляў прэміяльных марак будуць плаціць транспартны падатак у 10 разоў вышэйшы за стандартную стаўку. Эканамісты называюць гэтае рашэнне палітычным.

«Агульная лінія паводзінаў уладаў зразумелая. Для тых, хто жыве больш якасна, дзяржава стараецца павялічваць падаткі, зборы, паказваючы сацыяльную справядлівасць для тых, у каго даходы меншыя», – кажа Аляксей Харкевіч.

Пералік такіх машынаў яшчэ вызначаецца, але Міністэрства падаткаў і збораў падлічыла, што павышаны падатак можа датычыць каля двух тысяч аўтамабіляў.

Ірына Дарафейчук, «Белсат»