Чаму ў Беларусі занепадаюць вёскі?


На Віцебшчыне ў першы месяц навучальнага года рыхтуюць да продажу больш за 10 будынкаў вясковых школаў і дзіцячых садкоў, якія сталі непатрэбнымі, бо туды няма каму хадзіць. Нягледзячы на гучныя словы Лукашэнкі пра адраджэнне вёскі, у рэальнасці ўсё адбываецца наадварот. Чаму правалілася ідэя аграгарадкоў, і чым заняпад вёсак пагражае краіне?

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

Навучальны год у Віцебскай вобласці пачаўся з распродажу будынкаў школаў і дзіцячых садкоў, піша «Віцебская вясна». Агулам 13 аб’ектаў, некаторыя прадаюць за сімвалічныя 37 рублёў. Амаль усе – у вёсках.

«Насельніцтва змяншаецца – і стае нявыгадна трымаць школы, садкі. Цяпер, я ведаю, глядзеў спіс нават па сваім Глыбоцкім раёне, – садкі дзіцячыя прадаюцца, клубы», – кажа былы аграном Зміцер Лупач.

З 1999 года ў Беларусі знікла больш як тысяча вёсак, а вясковае насельніцтва скарацілася больш як на мільён чалавек на фоне росту гарадскога. Для развітых краінаў – звычайная зʼява: высокатэхналагічная сельская гаспадарка не патрабуе шмат працаўнікоў.

«Калі мы гаворым пра спецыфіку Беларусі, то зніжэнне долі вясковага насельніцтва абумоўленае не столькі немагчымасцю знайсці працу – Лукашэнка ўжо не раз праводзіў нарады пра дэфіцыт у сельскай гаспадарцы, – колькі цяжкімі ўмовамі працы ў калгасах», – кажа Алег Мазоль, навуковы працаўнік Цэнтру эканамічных даследаванняў «BEROC».

Адраджэнне вёскі Лукашэнка анансаваў яшчэ ў «нулявых». Прапаганда піярыла аграгарадкі – сельскія населеныя пункты нібыта з гарадскім камфортам. Але незалежныя медыі крытыкавалі іх за нізкую якасць тыпавой забудовы і слабую інфраструктуру. Часта гэтак званыя прэзідэнцкія дамы пустуюць.

«Гэтыя дамы стаяць пустыя, бо людзі не паедуць працаваць нават за тое, што ім дадуць гэты дом, бо калі няма заробкаў, то чалавек проста не паедзе», – мяркуе Зміцер Лупач.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. На вёсках усё меней застаецца жыхароў і з большага гэта людзі сталага узросту. Менская вобл., Беларусь. 18 жніўня 2021 года.
Фота: АЗ / Белсат

Нават паводле Белстату, заробкі аграрыяў сурʼёзна адстаюць ад сярэдняга па краіне. Лепей не будзе, кажа Алег Мазоль.

«Сітуацыя ў сельскай гаспадарцы прагназавана пагаршаецца пад уплывам заходніх санкцыяў за суўдзел рэжыму Лукашэнкі ў вайне супраць Украіны. У прыватнасці, недапастаўкі ў Беларусь эфектыўных сродкаў аховы раслінаў і насення заходняй вытворчасці пацягнулі сёлета недабор збожжавых», – тлумачыць Алег Мазоль.

У галіне працуе 8 % беларусаў, прадукцыйнасць – трохі большая за 7000 долараў на працаўніка за год. І гэта дасанкцыйныя лічбы. Для параўнання: у Нямеччыне аграрыі – гэта трохі болей за адсотак ад жыхароў краіны. Але выніковасць працы ў разы большая.

«Без прыватнай уласнасці на зямлю чалавек не адчувае сябе ў вёсцы гаспадаром. Хто ён? Мы стагоддзямі, калі не тысячагоддзямі, сядзелі на кавалку зямлі, які трымаў нашых продкаў, бо даваў ежу. Ён нас жывіў. Цяпер хто мы, беларусы? Мы не ўласнікі сваёй зямлі», – кажа аўтар праграмы «Вяскоўцы» на «Белсаце» Віктар Шукеловіч.

Лукашэнка, аднак, каб затрымаць людзей у сельскай гаспадарцы, аддае перавагу адміністратыўным метадам.

«Сёння ніводзін спецыяліст, ніводзін кіраўнік сельгаспрадпрыемства не можа быць пераведзены на іншую працу або звольніцца без рашэння райвыканкаму», – заяўляў Лукашэнка сёлета ў ліпені.

Ад абязлюдзення вёскі цярпіць не толькі эканоміка, але і культурная ідэнтычнасць беларусаў.

«Беларуская вёска – захавальніца нашай аўтэнтычнай спрадвечнай культуры. Дзякуючы вёсцы захавалася і нашая беларуская мова. Вёска – гэта скарбніца самабытнасці», – мяркуе Віктар Шукеловіч.

Прычым у кожнай вёскі ёсць свае ўнікальныя культурныя асаблівасці, адзначае аўтар праграмы «Вяскоўцы». Яны незваротна знікаюць разам з яе апошнімі жыхарамі.

Валянцін Васіленка, «Белсат»