У Менску судзяць праваабаронцу Насту Лойку


У Беларусі затрымліваюць ужо асуджаных. Праваабаронцы паведамілі, што ў Круглым сілавікі прыйшлі да Аліны Горавай, якой два тыдні таму прысудзілі год так званай хатняй хіміі. А ў Менску пачаўся суд над праваабаронцай Настай Лойкай. Паседжанне амаль адразу зрабілі закрытым. На падставе абвінавачвання за нібыта распальванне варожасці ёй пагражае да 12 гадоў зняволення.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

Падстваю для пачатку крымінальнай справы стаў адзін з праваабарончых дакладаў Насты, у якім даецца ацэнка незаконным дзеянням лукашэнкаўскіх сілавікоў.

«Гэта прафесійны абавязак праваабаронцы, дзе яна падкрэслівае тую несправядлівасць да пэўных групаў і ў прынцыпе законнасць дзеянняў, што былі з боку супрацоўнікаў ГУБАЗіКу. Мы лічым, гэта асабістая помста Насты з боку ГУБАЗіКу за ейную шматгадовую працу ў абароне правоў чалавека», – мяркуе сузаснавальнік праваабарончай арганізацыі «Human Constanta» Валдыс Фугаш.

Дагэтуль Насту Лойку неаднаразова затрымлівалі і змяшчалі на содні. На адным з адміністратыўных судоў яна змагла распавесці пра катаванні з боку ГУБАЗіКу электрашокерам ды здзеклівае стаўленне працаўнікоў Цэнтру ізаляцыі правапарушальнікаў, якія трымалі яе на холадзе бяз цёплага адзення некалькі гадзінаў. Пасля яна моцна захварэла. Аднак пасля адбыцця адміністратыўнага арышту з’язджаць з Беларусі Наста не захацела.

«Мы можам толькі спадзявацца, што нашая салідарнасць і падтрыманне, і разуменне з ейнага боку, што гэта – асэнсаваны выбар, гэта ейнае месца сілы. Што нашае падтрыманне звонку ў выглядзе перадачаў, бандэроляў, лістоў, нашая міжнародная кампанія, пра якую яна ведае… Гэта можа ёй дапамагаць», – адзначыў Валдыс Фугаш.

Наста Лойка. Менск, Беларусь, 2 верасня 2021 года.
Фота: ПБ / Белсат

Напярэдадні Гарадзенскі абласны суд вынес вырак актывісту незалежнага прафсаюзу на «Горадня Азоце» Максіму Сеніку. Яму прысудзілі 4 гады калоніі за нібыта знявагу Лукашэнкі ды спрыянне экстрэмісцкай дзейнасці. Маўляў, Сенік перадаваў інфармацыю незалежным медыям. Прадстаўнік Рабочага руху і былы лідар стачкаму «Горадня Азоту» Юрый Рававы называе гэтую справу сфабрыкаванай:

«Максім быў такім чалавекам, які не надта падабаўся кіраўніцтву свайго цэху і агулам. І, магчыма, з ім адбылася нейкая такая гісторыя, як і з Валянцінам Цераневічам – лідарам прафарганізацыі на “Хімвалакне”. У КДБ проста маглі яго падставіць нейкім чынам або цалкам сфабрыкаваць справу».

Палітвязня і заснавальніка «Symbal.by» Паўла Белавуса, якому ў траўні прысудзілі трынаццаць гадоў зняволення, этапавалі ў калонію №17 у Шклове. Пра гэта паведаміла ягоная жонка ў сацыяльных сетках. Шклоўская калонія стала вядомая пасля таго, як вясною дваццаць першага года ў ёй памёр палітзняволены Вітольд Ашурак.

«Для Паўла Белавуса… Я думаю, што гэта проста ўзмоцненае пакаранне, бо мы ведаем, што ў гэтай калоніі выкарыстоўваюцца катаванні, жорсткае абыходжанне не толькі да палітычных зняволеных, але і да проста зняволеных», – адзначыла юрыстка праваабарончага цэнтру «Вясна» Вікторыя Рудзянкова.

Зʼявілася інфармацыя пра лёс затрыманых працаўнікоў светлагорскага тэлеканалу «Ранак», які першым паведаміў пра здарэнне на цэлюлозна-кардонным камбінаце. Дзевяцярых працаўнікоў медыя абвінавацілі паводле адміністратыўнага артыкулу – распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў. У выніку мужчынам прысудзілі па 7 содняў, а жанчын аштрафавалі на 925 рублёў.

Ірына Юрʼева, «Белсат»