Рэжым Лукашэнкі ўводзіць захады ў адказ на санкцыі


Урад прыняў шэраг падатковых захадаў у адказ на санкцыі супраць афіцыйнага Менску. Гэта часовыя змены, якія датычаць перадусім замежных кампаніяў. У сваю чаргу, Еўрапарламент прыняў дырэктыву аб крыміналізацыі абыходу санкцыяў. Хто ў выніку пацярпіць і ад чаго менавіта?

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

Контрсанкцыі рэжыму Лукашэнкі ў дачыненні несяброўскіх краінаў уключаюць змены ў Падатковы кодэкс. З 15 % да 25 % вырастуць падаткі на дывідэнды для замежных кампаніяў. А таксама прыпыняюцца міжнародныя дамовы аб пазбяганні двайнога падаткаабкладання, што датычылі выплаты дывідэндаў і адсоткаў. Абедзве захады ўводзяцца да канца 2026 года, але могуць быць адмененыя і раней.

«Гэта тычыцца перш за ўсё замежных нейкіх кампаніяў, якія не маюць у Беларусі сталага прадстаўніцтва, то бок гэта цалкам замежныя кампаніі. І яны, гэтыя кампаніі, зарэгістраваныя ў адной з несяброўскіх Беларусі краінаў», – тлумачыць экспертка Цэнтру эканамічных даследаванняў BEROC Настасся Лузгіна.

Несяброўскімі для сябе рэжым Лукашэнкі лічыць усе краіны-сяброўкі Еўразвязу, а таксама Канаду, ЗША і іншыя дзяржавы, што падтрымалі санкцыі супраць афіцыйнага Менску. Усяго ў пералік несяброўскіх Беларусі краінаў увайшло сорак дзяржаваў. Гэты спіс сваёю пастановаю зацвердзіў Савет Міністраў яшчэ ў красавіку 2022 года.

«Сабраць як мага болей падаткаў мэта і стаіць. Напэўна, гэтая мэта ў дадзеным выпадку не галоўная. Тут грае большую ролю рэакцыя ўладаў Беларусі ў адказ на тыя санкцыі, што ўжо былі ўведзеныя гэтымі несяброўскімі краінамі», – зазначае экспертка Цэнтру эканамічных даследаванняў BEROC Настасся Лузгіна.

Яшчэ адная контрзахада супраць несяброўскіх краінаў – магчымасць адчужаць маёмасць юрыдычных і фізічных асобаў без дазволу і аплаты ўнёску. Адпаведны ўказ падпісаў Лукашэнка.

«Дзеля таго, каб стварыць магчымасць не аплачваць 25-адсоткавы падатак пры адчужэнні маёмасці, калі замежны інвестар пастанавіў пакінуць тэрыторыю Беларусі. І гэтыя выключэнні робяцца, хутчэй за ўсё, у інтарэсах гаманцоў Лукашэнкі або сваіх сямейных інтарэсаў», – каментуе кіраўнік НАУ Павел Латушка.

Але выглядае, што ў рэжыму Лукашэнкі застанецца меней магчымасцяў абыходу санкцыяў. Еўрапарламент прыняў дырэктыву аб гарманізацыі выканання абмежаванняў. За супрацу з падсанкцыйнымі асобамі, кампаніямі і краінамі дакумент прадугледжвае пакаранне ў выглядзе вялікага штрафу або пазбаўлення волі ва ўсіх краінах Еўразвязу.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Акцыя пратэсту на польска-беларускай мяжы. 8 чэрвеня 2021 года.
Фота: Белсат

«Спачатку санкцыі прымаюцца на еўрапейскім узроўні, а пасля – на ўзроўні кожнай краіны. І ёсць розніца ў тым, як розныя краіны гэтыя санкцыі выкарыстоўваюць. Напрыклад, у некаторых краінах ёсць пакаранне, а ў некаторых – няма. То бок адныя ўрады падыходзяць больш жорстка, іншыя – менш», – заявіла дэпутатка Еўрапейскага парламенту Софі ін ‘т Вэлд.

Паводле Паўла Латушкі, гэта толькі адзін з некалькіх дзейсных інструментаў супраць абыходу санкцыяў:

«Увядзенне аднолькавага падыходу ў краінах ЕЗ наконт крымінальнай адказнасці за судзейнічанне або ажыццяўленне абыходу дзейнасці фактычна стварае пагрозу для фізічных асобаў, якія пражываюць у гэтых краінах, быць прыцягнутымі да крымінальнай адказнасці, нават да 5 гадоў турмы. І гэта, вядома, не будзе іх стымуляваць удзельнічаць у гэтай незаконнай дзейнасці».

Далей дырэктыву мусіць ухваліць Еўрапейская рада, пасля чаго краіны Еўразвязу павінныя прывесці свае заканадаўствы ў адпаведнасць.

Аліна Скрабунова, «Белсат»