Хакейную зборную пакінулі на лаўцы штрафнікоў


Міжнародная федэрацыя хакею працягнула дзеянне бану для Беларусі і Расеі. Такім чынам, зборная нашай краіны не возьме ўдзелу не толькі ў сёлетнім чэмпіянаце свету, але і налета. А да таго ж у адборы да зімовай Алімпіяды і, адпаведна, у саміх Гульнях.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

«Чаканае рашэнне, – кажа кіраўнік міжнароднага дэпартаменту Беларускага фонду спартовай салідарнасці Анатоль Котаў. – Нічога не змянілася за мінулы год ані ў Беларусі, ані ў беларускім спорце, ані ў беларускім хакеі. Не змяніліся таксама даволі “лайтовыя”, як мы мяркуем, крытэры міжнароднага алімпійскага камітэту».

Міжнародны алімпійскі камітэт раней даваў рэкамендацыю аб нядопуску беларусаў і расейцаў да міжнародных спаборніцтваў у камандных відах спорту. Новага разгляду справы наконт падаўжэння або адмены бану хакеістаў прыйдзецца пачакаць. Вось што кажуць у Міжнароднай федэрацыі хакею:

«Як і мінулымі гадамі, Рада Міжнароднай федэрацыі хакею працягне сачыць за сітуацыяй. Апошняя дата, каб вызначыць, ці бяспечна залучаць Расею і Беларусь у сезоне 2025/2026, – травень 2025 года. Разгляд адбудзецца на паседжанні Рады МФХ».

Беларускіх і расейскіх хакеістаў пазбавілі ўдзелу ў міжнародных турнірах у 2022 годзе – пасля пачатку поўнамаштабнага ўварвання Расеі ва Украіну, што ажыццяўлялася ў тым ліку з тэрыторыі нашае краіны. Праз гэта зборная Беларусі прапусціла ўжо два чэмпіянаты свету.

«Ад беларускага рэжыму шмат чаго залежыць, – разважае Анатоль Котаў. – Ён можа выйсці з вайны, якую вядзе Расея супраць Украіны, і гэта будзе добрым крокам. Хакеісты могуць гэтага патрабаваць альбо цешыцца тым, што беларускі спорт за гэтым расейскім караблём плыве».

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Лукашэнка грае ў хакей.
Фота: president.gov.by

Між тым проста цяпер у нашым хакеі праходзіць змена пакаленняў. Новая генерацыя выглядае адной з наймацнейшых у гісторыі Беларусі. У гэтым сезоне НХЛ – найлепшай лігі свету – на лёд выходзілі адразу чатыры беларусы. Два з іх – Ягор Шаранговіч і Аляксей Протас – здабылі сталае месца ў аснове сваіх клубаў. На падыходзе і іншая таленавітая моладзь. Летась на драфце НХЛ выбралі адразу пяцярых нашых гульцоў – гэта рэкордны паказнік.

«Чым больш будзе тых, хто займаецца хакеем, тым больш мы будзем бачыць такіх хлопцаў, якія будуць прабівацца, – кажа экс-дырэктар ХК «Лакаматыў» (Ворша) Яўген Мазура. – Усё склалася: і агент добры, і скаўты заўважылі, і перамовы правільна правялі, і была магчымасць у бацькоў яго адправіць у Паўночную Амерыку гуляць».

Адным з фаварытаў будучага драфту НХЛ лічаць Арцёма Леўшунова. Спецыялісты мяркуюць, што яго могуць абраць пад найвышэйшым для нашых хакеістаў нумарам. Ужо цяпер ён у рэйтынгу чацвёрты. Папярэдні рэкорд належыць легендарнаму Руслану Салею, ён быў дзявятым.

«Высокі драфт – гэта вялікая колькасць паказнікаў, якія скаўты праглядзелі і змаглі данесці да кіраўнікоў клубаў і лігі. Значыць, яны нешта ў ім бачаць. У любым выпадку яму будуць даваць гуляць. Пытанне: як ён сам далей будзе старацца», – мяркуе Яўген Мазура.

Будучыня беларускага хакею выглядае цьмяна. З аднаго боку – моцны склад гульцоў, што праз некалькі гадоў увойдзе ў самую сілу. З другога – міжнародны бан, накладзены праз дзеянні рэжыму Лукашэнкі. Калі нарэшце зборная згуляе на чэмпіянаце свету або Алімпіядзе – невядома.

Ян Федаровіч, «Белсат»