Чэхія можа пагоршыць умовы для мігрантаў з Беларусі


Беларусы і надалей не змогуць атрымліваць візаў і часовых відаў на жыхарства ў Чэхіі. Адпаведны праект закону падрыхтавала чэшскае Міністэрства замежных справаў. Забарона дзее не толькі для беларусаў, але і для расейцаў, і звязаная перадусім з вайной Расеі супраць Украіны, якую падтрымлівае і рэжым Лукашэнкі.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

Беларусы ў Чэхіі могуць застацца без візавага падтрымання і часовага віду на жыхарства. Міністэрства замежных справаў краіны прапанавала працягнуць забарону на легалізацыю для нашых суайчыннікаў без выключэнняў і неабмежавана ў часе.

«Увогуле прыняцце гэтага закону – перадусім гэта дыскрымінацыя, трэба называць рэчы сваймі імёнамі, бо так і ёсць. Гэта дыскрымінацыя, гэта крытычна», – лічыць кіраўнік камісіі Каардынацыйнай рады ў справе студэнцтва, дактарант Карлавага ўніверсітэту Аляксандр Паршанкоў.

Гэткія захады Чэхія ўвяла ў дачыненні расейцаў ад пачатку поўнамаштабнай вайны Расеі супраць Украіны. Пад забарону трапілі і беларусы за саўдзел рэжыму Лукашэнкі ў агрэсіі.

«Гэта рэзка паўплывала на дзве катэгорыі: на палітычных мігрантаў, якія не маюць магчымасці вярнуцца і для якіх магчымасць запрасіць да сябе ў госці сваіх сваякоў была вельмі важнай, і другое – для тых, хто хацеў вырвацца з Беларусі ў Чэхію перш за ўсё для працы і для вучобы», – тлумачыць Аляксандр Паршанкоў.

Аднак дэмакратычным сілам на чале са Святланаю Ціханоўскай удалося дамагчыся некаторых паслабленняў – атрымання гуманітарных і вучэбных візаў. На наступным тыдні прадстаўнікі Офісу абранай прэзідэнткі плануюць ізноў сустрэцца з чэшскім урадам.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Сцяг Чэхіі. Крыніца: qirim.news

«Трэба ўсім нам паспрабаваць папрацаваць з чэшскімі ўладамі, каб зрабіць новыя выключэнні з гэтага бану, у прыватнасці выключэнні, скіраваныя на падтрымку беларускага грамадства, якое не атаясамляе сябе з рэжымам», – зазначае дарадца Святланы Ціханоўскай у пытаннях дыпламатыі Дзяніс Кучынскі.

На канец мінулага года ў Чэхіі афіцыйна жылі 7726 беларусаў. Гэта менш за 1 адсотак ад усіх іншаземцаў. Расейцы ж складаюць трохі больш за 4 адсоткі ад агульнай колькасці замежнікаў.

«Агулам гэта не ўнікальная сітуацыя толькі Чэхіі, шматлікія ўрады пераглядаюць свае пазіцыі, інтарэсы, бяспеку. Зразумела, спрабуюць як бы абараніць краіну ад патэнцыйных небяспекаў, якія могуць сыходзіць ад рэжымаў Пуціна, Лукашэнкі і іх спецслужбаў», – распавядае дарадца Святланы Ціханоўскай у пытаннях дыпламатыі Дзяніс Кучынскі.

Самаю спрыяльнаю менавіта для пераезду беларусаў застаецца Польшча, што працягвае выдаваць нашым суграмадзянам большасць тыпаў візаў і відаў на жыхарства. Паўночныя суседкі Літва і Латвія выдаюць выключна гуманітарныя візы. Але для беларусаў нечакана адкрыўся новы спрыяльны кірунак.

«Цяпер падцягваецца Іспанія, бо іспанцы вельмі актыўна развіваюць праграму для людзей, якія маюць дыстанцыйныя даходы, і беларускія айцішнікі ўсё часцей глядзяць у бок Іспаніі, бо і адсотак ухваленых кейсаў там даволі высокі», – кажа кіраўнік маніторынгавай групы «VizaStat» Аляксандр Лібер.

Дагэтуль краінаю, прывабнаю для рэлакацыі (у тым ліку ІТ-кампаніяў), была Грузія. Аднак пасля абвешчанай Пуціным мабілізацыі ў Грузію хлынуў паток расейскіх эмігрантаў, што паўплывала на рынак жытла і кошты. Ды змусіла беларусаў часцей перабірацца ў краіны Еўропы.

Аліна Скрабунова, «Белсат»