Няма корму і поўна гною: чаму ў Беларусі масава мруць каровы?


Кіраўніка Лельчыцкага раёну і ягонага намесніка затрымалі за прыхоўванне мору жывёлы ў сельскагаспадарчых арганізацыях. Прычым кошт загінулых кароваў спісвалі з заробкаў працаўнікоў фермаў – на дзясяткі тысячаў рублёў. Для беларускай сельскай гаспадаркі такая практыка – хутчэй, норма, чымся вынятак. Чаму масава паміраюць каровы? І з якой прычыны кіраўнікі гаспадарак ідуць на падман? Ці здольны рэжым Лукашэнкі з гэтым нешта зрабіць?

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

Карова памірае, але яе афармляюць як мяса, што прадалі працаўнікам гаспадаркі і вылічылі кошт з іхнага заробку. У Лельчыцкім раёне такім манерам за 4 гады схавалі мор амаль 2 тысячаў галоваў і нанеслі працаўнікам шкоду на больш як 80 тысячаў рублёў. За махінацыю будуць судзіць былога старшыню выканкаму і ягонага намесніка.

«З года ў год пагалоўе буйной рагатай жывёлы зніжаецца: за 5 гадоў – болей як на 100 тысяч галоваў, у тым ліку ў 2022 годзе – на 22 тысячы. Асноўная прычына – мор жывёлы», – наракаў Лукашэнка ў верасні. І прызнаваў: летась за прыхоўванне мору жывёлы завялі 480 крымінальных справаў.

Для параўнання: у 2020 годзе іх было 203. Сёлета мор зафіксавалі ў 53 раёнах са 118 – амаль у кожным другім. Што да яго прыхоўвання пад выглядам продажу мяса працаўнікам – за апошнія тры гады дзяржаўныя медыі згадваюць сама меней 15 такіх выпадкаў. Гэта тое, што выплыла ў публічную прастору.

«На малочна-таварнай ферме “Горкі” некаторыя памяшканні, дзе ўтрымліваецца буйная рагатая жывёла, поўныя гною, шмат якія жывёліны без ідэнтыфікацыі. У шмат якіх цялятаў не было ні вады, ні корму», – пісаў летась у ліпені пракурор Чэрвеньскага раёну Вадзім Кукалевіч.

«Адной з асноўных прычынаў выбыцця буйной рагатай жывёлы названыя захворванні органаў стрававання, што звязана з выкарыстаннем нізкаякасных кармоў. У той самы час не ўсе гаспадаркі ўжывалі захады для захавальнасці корму», – адзначала пазалетась выданне «Першы рэгіён».

«Але ў высокай смяротнасці жывёлы вінаватыя не працаўнікі, а высокі знос жывёлагадоўчых аб’ектаў, нястача сродкаў для іх рэканструкцыі і мадэрнізацыі, што робіць немагчымым выкананне тэхналагічных рэгламентаў і стварэнне неабходных умоваў для ўтрымання жывёлы», – паведамляў у лістападзе мінулага года «Витебский курьер».

То бок нават дзяржаўныя медыі гавораць пра гаротны фінансавы стан гаспадарак, у якіх ёсць мор жывёлы. Лукашэнка, аднак, бачыць праблему ў дысцыпліне.

«Гэта было заўсёды. І 20 гадоў таму, і 15. І было гэта ў найбяднейшых раёнах, найбяднейшых калгасах. У Стаўбцоўскім раёне, дзе я працаваў, палова калгасаў гэтым займалася. Папросту ў гаспадаркі няма дызельнага паліва, каб пачысціць загон, таму мор жывёлы і адбываецца. Няма грошай, каб купіць ветпрэпараты», – тлумачыць спецыяліст у сельскай гаспадарцы Мікалай Лысянкоў.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Каровы. Вольга Васільева / «Белсат»

Прыхоўваннем мору кіраўніцтва калгасаў займаецца, каб унікнуць пакарання за перавышэнне дапушчальнага адсотка смяротнасці жывёлы, тлумачыць эксперт. Таксама неабходна выконваць прагнозныя паказальнікі. Паводле Лукашэнкі, малочна-таварным комплексам патрэбныя 16 тысячаў жывёлаў.

«Многія гаспадаркі гадуюць жывёлу сабе ў мінус. Часам не дазваляе памяшканне трымаць столькі. Але план даводзіцца, што трэба павялічыць вытворчасць малака і мяса. Таму колькасць павялічваецца па-за нарматывамі», – кажа Мікалай Лысянкоў.

Не стае сельскай гаспадарцы і кваліфікаваных кадраў. Сістэмныя праблемы спрабуюць развязваць з дапамогаю камандных метадаў: размеркаваннем маладых спецыялістаў і скіраваннем у калгасы працаўнікоў сілавых ведамстваў – наводзіць парадкі.

«Калі коратка, то апісаць узмоцнены кантроль з боку сілавікоў у гэтай галіне можна як своеасаблівае перакідванне праблемы з хворай галавы на здаровую. Проста дыктатар прызначыў чарговага крайняга, з якога спытаюць – жорстка і персанальна», – мяркуе прадстаўнік ініцыятывы «BELPOL» Уладзімір Жыгар.

Але ці развяжа гэта праблемы менеджменту, калі гаспадаркамі кіруюць не ўласнікі, а прызначаныя дзяржаваю дырэктары?

«Гэта людзі, якія кіруюць не сваімі грашыма, не сваёй жывёлай. Адпаведна яны ставяцца да гаспадаркі як да не сваёй. Таму 480 крымінальных справаў за мінулы год – і нічога не змяняецца», – кажа бізнесовец, вядоўца праграмы «Атма$фера» Аляксандр Кныровіч.

Улады, падобна, па-ранейшаму робяць стаўку не на рынкавыя падыходы, а на сілавікоў. Гэтак, сёння сам генеральны пракурор Швед правёў нараду ў забеспячэнні законнасці ў сельскай гаспадарцы.

Валянцін Васіленка, «Белсат»