Недахоп настаўнікаў закрываюць пенсіянерамі


У Беларусі не стае настаўнікаў фізікі, матэматыкі і пачатковых класаў. Праз месяц пасля пачатку навучальнага года чыноўнікі пачалі казаць пра недахоп кадраў у гэтай галіне.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

«Цяпер праца па ўкамплектаванні штатаў установаў адукацыі завершаная. У тым ліку, за конт педагагічных працаўнікоў, якія дасягнулі пенсійнага ўзросту, а ў некаторых выпадках прыцягваюцца спецыялісты, якія працуюць больш чым на адну стаўку», – паведаміў начальнік галоўнага ўпраўлення прафесійнай адукацыі Мінадукацыі Сяргей Пішчоў.

Установы адукацыі ўдалося ўкамплектаваць сёлета на 98 адсоткаў. Лідаруе ў незанятых стаўках Менск. Яшчэ на пачатку сёлетняй уступнай кампаніі ў ВНУ Міністэрства адукацыі адзначала: педагагічныя спецыяльнасці лідаруюць паводле колькасці пададзеных дакументаў ад абітурыентаў. У выніку ж атрымоўваецца, што цікавасць у моладзі да прафесіі ёсць, а жадання працаваць – няма.

«Дзейная сістэма хутчэй не наладжана на тое, каб перадаваць веды, уменні, навыкі дзецям, а каб падтрымліваць улік і кантроль у гэтай сістэме. І настаўнік хутчэй становіцца не педагогам, а наглядчыкам», – патлумачыла незалежная экспертка ў галіне адукацыі Святлана Мацкевіч.

Лілія Гусарава працавала настаўніцай беларускай мовы і літаратуры ў адной з менскіх гімназіяў. Прыйшла туды паводле размеркавання пасля ўніверсітэту. Ліля прызнаецца, што ёй вельмі падабалася працаваць з дзецьмі, ды і з калегамі былі добрыя дачыненні. З мінусаў жа працы дзяўчына можа адзначыць не толькі нізкі заробак:

«У гімназіі адказнасць на настаўніках была не толькі за тое, каб весці ўрокі, але яшчэ і каб пісаць розныя пісьмовыя працы за дзяцей, удзельнічаць у розных конкурсах. Моцна ціснулі, трэба было павышаць прэстыж гімназіі. І нам на ўсіх гэтых педагагічных сходах казалі: прэстыж, прэстыж, прэстыж».

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Крыніца: umnaja.ru

Паводле звестак Рэспубліканскага банку вакансіяў, агулам у краіне цяпер шукаюць амаль 530 настаўнікаў. За працу на адну стаўку прапаноўваюць ад 554 да 1500 рублёў. Але нават не заробкі мусяць стаць галоўнай матывацыяй для маладых ісці ў прафесію, а адпаведныя ўмовы, мяркуе Святлана Мацкевіч:

«Калі такія ўмовы, каб іх ніхто не штурхаў асабліва, не нагружаў бессэнсоўнай працай, не прымушаў рабіць нейкія іншыя справы не для педагога, то ў прынцыпе маладыя людзі пойдуць на гэтую працу».

Але ж чыноўнікі выбіраюць не матывацыю, а прымус. Абавязковым размеркаванне пасля заканчэння ўніверсітэту зробяць і для студэнтаў, якія вучыліся за ўласныя грошы.

«Так, людзі, якія будуць паступаць ва ўніверсітэты, ім усё роўна прыйдзецца адпрацоўваць. Але яны могуць пацярпець гэтыя 2-3 гады. Я гэта бачыла на ўласныя вочы, калі прыйшла працаваць у гімназію. Там былі маладыя настаўнікі, якія пасля адпрацоўкі сыходзілі. І гэты адток кадраў пастаянна быў», – успамінае Лілія Гусарава.

А вось ці павысяць тэрміны абавязковага адпрацоўвання – невядома. На нарадзе ў верасні Лукашэнка патрабаваў ад чыноўнікаў разгледзець такую магчымасць. За гэта выступаў і міністр адукацыі. Але пакуль у ягоным ведамстве вызначыліся, што аптымальны тэрмін адпрацоўвання – акурат два гады.

Ірына Юр’ева, «Белсат»