У Варшаве адбылася прэм’ера серыялу «Белсату»


Сапраўдны аншлаг! У дзень нараджэння тэлеканалу «Белсат» у Варшаве на адкрытым паказе прэзентавалі ўсе чатыры навелы серыялу «Працэсы». Гэта першы мастацкі серыял, створаны нашым тэлеканалам. 

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

У літаральным сэнсе ажыятаж выклікаў адкрыты паказ серыялу «Працэсы». Запоўненая зала сведчыць пра жывы інтарэс да серыялу, знятага тэлеканалам «Белсат».

Водгукі пра серыял ад гледачоў можна пачуць самыя розныя:

«Я задаволены праглядам, было над чым паразважаць».

«Я не ведаю, з чаго мы смяёмся і які сэнс хоча перадаць гэтае кіно».

«Мне здаецца, што сёння гэта тое, пра што трэба гаварыць».

«У сітуацыі, калі іншых каналаў камунікацыі не застаецца, выкарыстаць гумар – добрая стратэгія».

Серыял «Працэсы» складаецца з чатырох трагікамічных навелаў: «Ператрымка», «Патрыятычнае практыкаванне», «Прыснілася» і «Праграма перадач». Яны поўныя абсурду, чорнага гумару і сарказму.

Паводле адказнага рэдактара серыялу «Працэсы» Віктара Шукеловіча, гэта антыўтопія такая, да якой Беларусь можа прыйсці, калі цяперашнія працэсы – палітычныя, сацыяльныя, грамадскія – не спыняцца.

Тое, што адбывалася і адбываецца з Беларуссю пасля 2020 года, стваральнікі серыялу паспрабавалі паказаць «вачыма антыгерояў» – амапаўца, супрацоўніка КДБ, чыноўніка і гэтак званага «ябацькі».

«Першая ідэя аб “Працэсах” прыйшла да мяне ў галаву ў ліпені 2020 года на адным з мітынгаў у Менску. Перада мной затрымалі каля 10–15 пратэстоўцаў. І я тады свайму сябру сказаў: слухай, а што будзе, калі месцы ў турмах скончацца для палітвязняў? Амапаўцы іх да сябе дадому забяруць на ператрымку? І з гэтага жарту распачаліся “Працэсы”», – распавядае рэжысёр Андрэй Кашперскі.

Дыскусія з аўтарамі серыяла «Працэсы» пасля прэм’еры ў кінатэатры Kinoteka. Варшава, Польшча. 10 снежня 2023 года.
Фота: Таццяна Верамеева / Белсат

Кожная навела «Працэсаў» мае сваю стылістыку, уласную лакацыю і персанажаў. Але некаторыя з герояў перасякаюцца – гэтак у серыяле паўстае ўласны кінематаграфічны сусвет. Актор Аляксандр Гарцуеў гаворыць:

«Персанажы знаёмыя мне за доўгае маё жыццё ў беларускім тэатры. Цікава вось так, з гэтага боку зайсці».

Яго калега актор Алег Абярніхін выказаў такое меркаванне:

«Гэта складаная такая інфармацыйная нітка, якая працягнецца ў Беларусь. З ёй людзям унутры краіны яшчэ трэба будзе пагадзіцца, прыняць тое, што гэта адлюстраванае іх жыццё, што гэта іх чыноўнікі».

«Працэсы» – гэта першы ў гісторыі незалежнага беларускага тэлебачання мастацкі серыял.

Як кажа дырэктар «Белсату» Агнешка РамашэўскаяГузы, праца з мастацкім серыялам – гэта фабрыка.

«Мы не ведалі, ці зможам мы гэта зрабіць. Але калі шаснаццаць гадоў таму мы рабілі першыя пяціхвілінныя інфармацыйныя выпускі, мы не ведалі яшчэ, што зможам трансляваць шаснаццаць гадзінаў агулам і што будзем у жывым эфіры некалькі гадзінаў штодзень. Так што мы вучымся. Аказалася, што мы здольныя, мы можам. У нас ёсць людзі, яны таленавітыя, яны здольныя, і мы можам, мусім даць ім магчымасць зрабіць гэта».

Прэзентацыя галоўнай прэм’еры сезону адбылася ў дзень шаснаццацігоддзя «Белсату». Наш тэлеканал пачаў працу ў 2007 годзе менавіта дзясятага снежня – у Сусветны дзень правоў чалавека. А пасля прэзентацыі ўзгадалі пра журналістаў, зняволеных за прафесійную дзейнасць. Сярод трыццаці аднаго нашага калегі за кратамі – шаснаццаць працаўнікоў «Белсату».

Дамініка Кунцэвіч, «Белсат»