У Беларусі працягваюцца палітычныя суды і затрыманні


Святар Ігар Кавальчук выехаў за мяжу. Сёння стала вядома, што былы настаяцель храму ў Рагачове змог пакінуць Беларусь. Ігар Кавальчук раней адбыў 15 содняў праз абвінавачванне ў распаўсюдзе экстрэмісцкіх матэрыялаў, але адразу быў ізноў адпраўлены за краты. Цяпер святар у бяспецы. На жаль, такія выпадкі – хутчэй выключэнне апошнім часам.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

У Віцебскім абласным судзе ў закрытым рэжыме пачаўся разгляд справы Вольгі Брыцікавай. Былую старшыню незалежнага прафсаюзу «Нафтан» абвінавачваюць у распальванні сацыяльнай варожасці. Актывістцы пагражае да 5 гадоў пазбаўлення волі.

Сёння ж у Гомлі пачаўся суд над палітзняволенай Святланаю Кароль. 64-гадовую жанчыну вінавацяць у паклёпе на Лукашэнку і распальванні сацыяльнай варожасці. Святлана – старшыня аб’яднання «ВелаГомель». У 2020 годзе актывістка далучылася да Гомельскай каардынацыйнай рады. Пад апекай Святланы Кароль – маці сталага веку і муж з анкалагічнаю хваробаю.

«І цяпер гэты вырак – як канстатацыя ейных заслуг. Гэта чалавек, які мае нейкі досвед і пазнавальнасць у грамадстве, таму такім людзям цяпер улада не дае магчымасці быць на волі», – зазначае сузаснавальнік ініцыятывы «Жыві як гаспадар» Валер Сляпухін.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Віцебскі абласны суд.
Фота: «Белсат»

У Магілёве сілавікі затрымалі мясцовага жыхара за ўпадабанні ў сацыяльнай сетцы. На так званым пакаянным відэа мужчына кажа, што ў «Аднакласніках» распаўсюджваў «экстрэмісцкія» матэрыялы і свастыку.

А ў Менску эканамічны суд зліквідаваў інфармацыйную кампанію БелаПАН. Тым самым паставіўшы кропку ў справе, за якую пазалетась асудзілі рэдактараў агенцтва – Андрэя Аляксандрава, ягоную жонку Ірыну Злобіну, Дзмітрыя Наважылава ды Ірыну Леўшыну.

«На аснове інфармацыі БелаПАНу будаваліся матэрыялы не толькі многіх незалежных выданняў, але і розныя аналітычныя праекты, аналітычныя “think tank” бралі інфармацыю БелаПАНу за аснову. БелаПАН паспяхова адпрацаваў усе выбарчыя кампаніі», – зазначае намеснік старшыні Беларускай асацыяцыі журналістаў Барыс Гарэцкі.

Знішчэнне агенцтва не прывяло да поўнага знікнення каманды. У замежжы журналісты стварылі новы медыяпраект «Pozirk.online».

Аляксандр Дзегцяроў, «Белсат»