Беларуская прамысловасць працуе на вайну супраць Украіны?


Беларускае прадпрыемства, што вырабляе оптыку, працуе на патрэбы расейскай вайны супраць Украіны. Такая навіна з’явілася ў тэлеграм-каналах. Чым яшчэ беларускі вайскова-прамысловы комплекс здольны дапамагчы агрэсару?

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

Лідскі завод «Оптык» цяпер вырабляе прадукцыю для расейскай арміі. Заробкі на прадпрыемстве выраслі ўдвая, піша тэлеграм-канал «Голас гораду Гедыміна». З-за падазрэння ў супрацы з агрэсарам завод летась трапіў ва ўкраінскі санкцыйны спіс.

«Праз вялізную загрузку расейскія прадпрыемствы працуюць у тры змены і не паспяваюць. І, магчыма, такім чынам нагружаюць беларускія. Плюс, калі інфармацыя пацвердзіцца, гэта крок бяспекі. Бо ведаюць, што па беларускіх прадпрыемствах з Украіны напэўна не прыляціць», – мяркуе ўкраінскі вайсковы аглядальнік, былы працаўнік СБУ Іван Ступак.

Летась у лютым Лукашэнка асабіста хваліўся вялікімі магчымасцямі беларускага ВПК.

«А што датычыць мікраэлектронікі, оптыкі ды іншага – хвала тым, хто захаваў вытворчасць, што дасталася нам ад Савецкага Саюзу, і такім чынам разам з Расеяй мы можам вырабляць якія заўгодна тыпы ўзбраенняў», – заяўляў Аляксандр Лукашэнка.

«Вялікі сумнеў ёсць, што гэта сапраўды дапаможа расейцам вельмі моцна, бо гэтая прамысловасць асабліва не мадэрнізавалася з савецкага часу. Яна і ў савецкі час не адпавядала высокім міжнародным стандартам», – мяркуе спецыяліст у міжнародных эканамічных стасунках Алесь Чайчыц.

Аднак беларускі ВПК здольны выпускаць, напрыклад, боепрыпасы для «Градаў», супрацьтанкавыя ракетныя комплексы, беспілотнікі, сродкі радыёэлектроннай барацьбы, сістэмы кіравання войскамі, бронеаўтамабілі і нават сістэму залпавага агню «Паланэз». Частка з гэтага можа спатрэбіцца арміі агрэсара.

«Гэта радарныя сістэмы, гэта оптыка, гэта колавыя шасі, гэта аўтамабілі. Гэта тыя рэчы, якія беларускі ВПК робіць даволі някепска. Таксама гэта сістэмы навядзення, сістэмы кіравання. Тое, у чым беларускі ВПК сябе даволі добра зарэкамендаваў», – кажа журналіст «Белсату» Зміцер Міцкевіч.

Рэжым Лукашэнкі хоча наладзіць вытворчасць боепрыпасаў для ствольнай і рэактыўнай артылерыі, паведамляла пазалетась Міністэрства абароны Украіны. Пра беларускія гарматныя снарады пакуль нічога не чуваць. А вось для «Градаў» у Беларусі працуюць. Але іх вытворчасць, падобна, слаба аўтаматызаваная.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: pixabay.com

На расейскую армію могуць працаваць і невайсковыя галіны. Некаторыя беларускія фабрыкі з пачаткам уварвання ва Украіну пачалі шыць форму расейцам – паведамляў тэлеграм-канал «Мотолько помоги». Сярод іх – салігорская «Калінка». Там адназначна не пацвердзілі, што бяруць такія замовы. Але самой магчымасці не выключаюць.

Пазалетась разам з пераарыентацыяй на расейскі рынак пачаў вырабляць вайсковую прадукцыю наваполацкі «Нафтан».

«Санкцыі дазволілі нам уступіць актыўна ў праграму імпартазамяшчэння, заняцца выпускам новых відаў прадукцыі. Гэта гідраўлічная аліва, аліва для цяжкай вайсковай тэхнікі, якая выкарыстоўваецца ў вайскова-прамысловым комплексе», – распавядаў намеснік дырэктара «Нафтану» Глеб Макарэвіч.

Больш за мільярд долараў у эквіваленце – столькі Расея гатовая даць у крэдыт беларускім прадпрыемствам на імпартазамяшчальныя праекты. Якая частка гэтай сумы можа датычыць вайсковых тэхналогіяў – дакладна не вядома.

Валянцін Васіленка, «Белсат»