Апетыты БелТА: стала вядома пра заробкі да Br 9 тыс.


Пасля ўзламання Кіберпартызанамі старонку Беларускага тэлеграфнага агенцтва стараюцца рэанімаваць. Яна ўжо адчыняецца і з-за мяжы, але толькі ў расейскай моўнай версіі. «Белсат» жа ў выніку аперацыі атрымаў поўную версію бухгалтэрыі БелТА. Час паказаць беларусам, колькі зарабляюць прапагандысты за піяр рэжыму.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

Нядобра зазіраць у чужы гаманец, калі гэта не гаманец прапагандыста. Br 8864 на месяц зарабляе Яўген Ваньшын, намеснік кіраўніка аддзелу БелТА, які асвятляе дзейнасць Лукашэнкі. Працаваў ён за камерай і ў складзе беларускай дэлегацыі ў Дубаі.

«Ён відэааператар. Лагічна, што ён катаецца з Лукашэнкам паўсюль, дзе катаецца Лукашэнка. Наколькі я разумею, тое, што публікуюць у прэс-службе Лукашэнкі (тэксты, якія на сайце прэс-службы з’яўляюцца) – гэта тэксты БелТА. Відэа, магчыма, таксама БелТА. То бок, логіка ў тым, што Ваньшын атрымлівае больш за ўсіх, – ёсць», – лічыць былая працаўніца БелТА, якая выказалася ананімна.

У гэтую логіку ўпісваецца кіраўнік таго ж аддзелу – Уладзімір Мацвееў, які называе сябе «не журналістам, а летапісцам». Ягоны максімальны налічаны заробак летась склаў Br 7928. Падобны – у герндырэктаркі Ірыны Акуловіч – Br 7439.

Гендырэктарка БелТА Ірына Акуловіч.
Фота: БелТА

Інфармацыю Белсат атрымаў ад Кіберпртызанаў, якія над Новы год узламалі сайт Беларускага тэлеграфнага агенцтва, і між іншага спампавалі звесткі пра штат Белты. Пра заробкі, прэміі і ганарары кожнага працаўніка.

«Гэта шматпрыступкавая аперацыя па зламанні ўнутраных сетак. Гэта не толькі дэфэйс сайту. А зайсці ўнутр, сцерці ўсю інфармацыю, спампаваць усё, што магчыма», – распавяла афіцыйная прадстаўніца «Беларускіх кіберпартызанаў» Юліяна Шэметавец.

Кіберпартызаны абяцаюць, што аднаўляць старонку агенцтва будзе доўга. Пакуль яна не працуе на ўсіх моўных версіях, без працы застаюцца дзясяткі асобаў, у якіх аплата залежыць ад колькасці напісаных сімвалаў. Хто мае праекты ў відэа-фармаце, пацярпелі менш. Як Андрэй Варапай – адзін з вядоўцаў праекту «В ТЕМЕ». Андрэй Варапай прыніжае дзеячаў беларускай апазіцыі, шукае ідэальнага фільтру для дэструктыўнага кантэнту ў сеціве, вінаваціць Кіеў у тэрактах… На салодкай для вертыкалі «аналітыцы» летась меў максімальны заробак Br 5434. Падобны заробак у Алены Крыловай – Br 5090. Заробкі ж шараговых журналістаў тытульнага агенцтва рэжыму – каля Br 2000.

На руках у нашых журналістаў таксама спіс прадпрыемстваў і дамовы, якія заключалі кампаніі з галоўным рупарам лукашэнкаўскага рэжыму. Кіберпартызаны ж валодаюць таксама перапіскай прапагандыстаў.

«Трэба разумець усім тым, хто працуе на рэжым, што супрацоўнікі нізкага ўзроўню першымі трапяць пад каток, калі каток рэпрэсій таксама будзе ўнутры сістэмы. А ён і там здараецца, хоць не вельмі публічна», – нагадала Юліяна Шэметавец.

Былая працаўніца БелТА кажа, што пад час рэпрэсіяў у 2020-ым годзе ў калектыве было дастаткова людзей, якія задумваліся пра звальненне, кажа былая працаўніца БелТА:

«Нехта можа сабе дазволіць. А ў некага, магчыма, сям’я. Нешта не так з мінулым… І ён сыдзе, а яму знішчаць жыццё, напрыклад, ці яшчэ нешта… Ва ўсіх былі свае прычыны. Як у любой дзяржструктуры, гэтыя людзі засталіся там».

Многія маюць ільготныя крэдыты на жытло, якія за вернасць прапанавала дзяржава. І многіх у вольнай Беларусі будзе чакаць суд. Кіберпартызаны далі магчымасць ацаніць, ці яно таго каштуе.

Юлія Цяльпук, «Белсат»